Лукашэнка актывізаваў будаўніцтва фінансавай піраміды
77- 11.11.2015, 18:54
- 66,954
Дэкрэт Лукашэнкі №7 прадугледжвае дзве галоўныя навацыі.
11 лістапада Лукашэнка падпісаў дэкрэт №7 «Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)».
Сёння ж дакумент уключаны ў Нацыянальны рэестр прававых актаў, аднак тэкст яго пакуль не апублікаваны і яго змест невядомы.
Як чакаецца, змест дэкрэта стане прадметам запланаванай на раніцу 12 лістапада прэс-канферэнцыя з удзелам першага намесніка старшыні ўправы Нацыянальнага банка Тараса Надольнага.
Паводле звестак крыніц TUT.by, дэкрэт №7 прадугледжвае дзве галоўныя навацыі.
Па-першае, з 12 лістапада банкі будуць прапаноўваць кліентам так званыя адклікальныя і безадклікальныя ўклады. «Апошнія будуць мець больш высокую стаўку, аднак іх нельга будзе зняць раней за тэрмін заканчэння дамовы», - патлумачыла крыніца. Цяпер банк абавязаны вярнуць кожны ўклад кліенту на ягонае патрабаванне цягам 5 дзён, нават калі тэрмін дамовы не мінуў.
Другое новаўвядзенне прадугледжвае ўвядзенне падаходнага падатку (цяпер - 13%) на некаторыя ўклады для фізічных асоб. «Гэтая норма ўвойдзе у дзеянне з 1 красавіка 2016 года. Яна будзе тычыцца не ўсіх дэпазітаў, а толькі рублёвых тэрмінам менш за год і валютных - тэрмінам менш за два гады», - распавяла крыніца.
Новы дэкрэт не будзе распаўсюджвацца на ўжо дзейныя дэпазіты.