Прэвентыўны нагляд у дачыненні да Паўла Вінаградава спынены
- 2.11.2015, 18:34
- 4,141
Суд Бярэзінскага раёна 2 лістапада прыняў пастанову аб спыненні прэвентыўнага нагляду ў дачыненні да Паўла Вінаградава.
Пра гэта праваабарончаму цэнтру «Вясна» паведаміў сам актывіст:
«Гэта чыста фармальная пастанова, бо фактычна прэвентыўны нагляд у мяне скончыўся яшчэ 24 кастрычніка, а на наступны дзень я ўжо вярнуўся ў Менск», - сказаў Павел Вінаградаў.
Перад заканчэннем тэрміну нагляду грамадскаму актывісту, лідару моладзевай арганізацыі Zmena Вінаградаву давялося пахвалявацца, бо 9 кастрычніка суд у Беразіно разглядаў прапанову Бярэзінскага РАУС аб працягу прэвентыўнага нагляду над ім, аднак суддзя разважыў, што падстаў для працягу прэвентыўнага нагляду няма.
Нагадаем, пасля Плошчы ў снежні 2010 года Павел Вінаградаў быў арыштаваны, а затым асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі. 14 верасня 2011 актывіст быў вызвалены згодна з указам аб памілаванні. Але за ім быў устаноўлены прэвентыўны нагляд тэрмінам на 3 з паловай гады.
12 снежня 2014 грамадскі актывіст, лідар моладзевай арганізацыі Zmena Павел Вінаградаў вымушана з'ехаў з Менска, каб пазбегнуць дастаткова пільнай увагі да сябе з боку праваахоўнікаў і адміністрацыйнага пераследу.