26 красавiка 2024, Пятніца, 0:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рабочыя, незадаволеныя заробкам, сталі займацца прыпіскамі і крадзяжамі?

23
Рабочыя, незадаволеныя заробкам, сталі займацца прыпіскамі і крадзяжамі?

На ААТ «Полацк-Шкловалакно», найбуйнейшым прамысловым прадпрыемстве Полаччыны, дзе працуе блізу 4 тысяч чалавек, правялі інвентарызацыю і здзівіліся.

«Гаворка ідзе аб суме блізу 500 тысяч еўраў»

1 жніўня на ААТ «Полацк-Шкловалакно» змяніўся гендырэктар. Пры перадачы спраў Андрэю Бунакову на прадпрыемстве была праведзеная інвентарызацыя. Аб яе выніках стала вядома ў кастрычніку.

Як паведамляе завадская газета «Працоўная змена», падчас праверкі была выяўленая нястача незавершанай прадукцыі. Разгубленае кіраўніцтва прадпрыемства звярнулася да работнікаў з просьбай паведаміць гендырэктару аб магчымых прычынах нястачы.

- Паводле неафіцыйнай інфармацыі гаворка ідзе пра суму амаль 500 тысяч еўраў, - распавёў «Салідарнасці» старшыня суполкі Свабоднага прафзвязу Беларускага работнікаў ААТ «Полацк-Шкловалакно» Віктар Стукаў.

«Рабочыя спрабуюць развязаць пытанне невысокіх заробкаў самастойна»

Са словаў Віктара Стукава, прычына нястачы на вялікую суму палягае ў незадаволенасці работнікаў сваім заробкам.

- Рабочыя спрабуюць развязаць гэтае пытанне самастойна. Усіх абставінаў я не ведаю, але, імаверна, нястача ў першую чаргу тлумачыцца прыпіскамі. На паперы прадукцыя вырабленая, але ў канчатковы цэх, адкуль ужо адпраўляецца на продаж, не паступала. Імаверна, многія работнікі вымушаныя былі займацца прыпіскамі (па 2-5%), начальнікі цэхаў не звярталі на гэта ўвагі, а ў выніку назапасіўся прыстойны нібыта выраблены аб'ём, - распавёў Віктар Стукаў.

- Акрамя таго, частка прадукцыі магла сыходзіць на бок. Тэрыторыя прадпрыемства вялікая, людзі з адмысловым доступам ведаюць, як вывезці тавар за межы завода. Тым больш попыт існаваў, некаторыя гатовыя былі разлічвацца гатоўкай. Наколькі я ведаю, прадукцыя пастаўлялася нават у Данецкую вобласць, дзе ішлі баявыя дзеянні.

Які заробак на «Полацк-Шкловалакне»?

З аднаго боку ў жніўні паведамлялася, што сярэдні заробак персаналу складаў блізу 6 700 тысяч рублёў. Гэта значыць, быў на ўзроўні сярэдняга заробку па краіне.

Але з іншага боку, нават былы гендырэктар Мікалай Качаноўскі прызнаваў, што даходы работнікаў прадпрыемства невысокія. Напярэдадні адстаўкі ён заявіў, што заробак работнікаў не дацягвае да прынятага ўзроўню амаль мільён (наймальнік не выканаў абавязанні паводле калектыўнай дамовы аб забеспячэнні ўзроўню сярэдняга заробку не ніжэй 350% мінімальнага спажывецкага бюджэту сям'і з 4 чалавек).

- Праблем з загружанасцю на «Полацк-Шкловалакне» не было, працавалі поўны працоўны тыдзень, - канстатуе Віктар Стукаў. - Але ў апошнія гады інфляцыя і кошты раслі, і заробак у пераліку на даляры падаў. А людзі ж напружана працуюць у шкодных умовах працы. Незадаволенасць расла, але як можна было выправіць сітуацыю, калі правы работнікаў на калектыўныя перамовы з наймальнікам парушаліся (Свабодны прафзвяз не ўключылі ў камісію для iх правядзення) і, адпаведна, прапановы рабочых па заробку практычна не ўлічваліся. Калі работнікаў запалохваюць, калі яны не навучыліся адстойваць свае правы, то і звяртаюцца да такіх вось метадаў падтрымання свайго ўзроўню жыцця.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках