11 снежня 2024, Серада, 1:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналіст з Гомеля шостым разам аштрафаваны за «незаконны выраб СМІ»

Журналіст з Гомеля шостым разам аштрафаваны за «незаконны выраб СМІ»
Кастусь Жукоўскі
ФОТА: «Радыё Свабода»

Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 9 чэрвеня разгледзеў адміністрацыйны пратакол, складзены паводле артыкула 22.9 КаАП у дачыненні да журналіста Кастуся Жукоўскага.

Ён прысуджаны да штрафу сумай 30 базавых адзінак. Паводле адміністрацыйнага пратакола, 15 красавіка ў эфіры тэлеканала «Белсат» быў прадэманстраваны сюжэт «Самагубства выкладчыцы», які «незаконна вырабіў грамадзянін Жукоўскі». На думку міліцыі, фрылансер працуе на тэлеканал «Белсат», не маючы акрэдытацыі пры Міністэрстве замежных спраў, піша сайт ПЦ «Вясна».

Трэба дадаць, што гэта ўжо шостае пакаранне журналіста за прафесійную працу. Агулам улічваючы суму сённяшняга штрафу, Кастусь Жукоўскі ўжо «завінаваціўся» ў бюджэт 25,2 мільёна рублёў. Суды яго каралі штрафамі сумай 20-30 базавых адзінак паводле артыкула 22.9 КаАП.

9 чэрвеня на судзе быў прадэманстраваны сюжэт з тэлеканала «Белсат». Там ішла гаворка пра выкладчыцу Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны, якая скончыла жыццё самагубствам. Жанчына жыла ў доме для выкладчыкаў, які юрыдычна быў прызнаны інтэрнатам, што пазбавіла жыхароў дома магчымасці прыватызаваць свае кватэры, у якіх людзі пражылі па дваццаць і больш гадоў. Пасля таго, як дом афіцыйна стаў інтэрнатам, адміністрацыя ВНУ выкарыстала гэты факт для маніпуляцый і шантажу ў дачыненні да выкладчыкаў. Некаторым пагражалі звальненнем і высяленнем з кватэр, калі яны будуць бараніць свае правы ў судзе. Выкладчыца, якая скончыла жыццё самагубствам, баялася страціць працу і адпаведна кватэру.

Кастусь Жукоўскі на судзе віну сваю не прызнаў. «Я сваю віну прызнаю толькі ў тым, што жыву тут і карыстаюся правамі, якія мне гарантуе Канстытуцыя, у тым ліку правам на збор і распаўсюд інфармацыі», - адзначыў журналіст-фрылансер.

Ён дадаў, што сапраўды здымаў відэа пра самагубства выкладчыцы, і частку гэтых здымкаў выкарыстаў пры падрыхтоўкі сюжэту для тэлеканала «Белсат».

«Але я не рабіў сюжэт, не распаўсюджваў яго, у чым мяне вінавацяць. Гэта можна параўнаць з тым, што я здабываю руду, а хто-небудзь з гэтай руды робіць метал, потым - касмічны карабель або трактар. Так і відэа, якое я здымаў - я паслаў яго ў розныя рэдакцыі, і некаторыя выкарыстоўвалі яго, а іншыя выкінулі ў сметніцу. Мае фота былі на сайце газеты «СБ - Беларусь Сегодня», рэдакцыя газеты выкарыстала мае здымкі, толькі чамусьці за гэта мяне не судзяць. Розныя выданні выкарыстоўваюць мае матэрыялы», - растлумачыў на судзе фрылансер.

Ён мяркуе, што суды паводле артыкула 22.9 КаАП - гэта палітычны пераслед, звязаны не толькі з журналісцкай працай, але і з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках