20 красавiка 2024, Субота, 0:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Масавая акцыя ў цэнтры Менска: «Байкот выбарчаму фарсу»

77
Масавая акцыя ў цэнтры Менска: «Байкот выбарчаму фарсу»

Больш за 200 чалавек прыйшлі на пікет за свабодныя выбары каля ГУМа.

Пікет за свабодныя выбары, арганізаваны былым палітвязнем Мікалаем Статкевічам, стартаваў а 18-й гадзін ля ГУМа.

На моманту пачатку акцыі ля галоўнага ўваходу сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іх - старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў. Сабраныя трымалі бел-чырвона-белыя сцягі. За пікетам назіралі людзі ў цывільным адзенні.

Са слоў Мікалая Статкевіча, мэта акцыі - дамагчыся ад улады магчымасці збірацца і выказваць людзям сваю пазіцыю, як гэта адбываецца ў кожнай свабоднай краіне, піша «Салідарнасць».

Статкевіч заявіў, што дзень «выбараў» 11 кастрычніка ў палітычным плане яго не цікавіць, аднак да гэтага дня ён і ягоныя паплечнікі мерацца запрашаць на вулічныя сустрэчы «кандыдата Лукашэнку».

«Для мяне 11 кастрычніка - такой даты не існуе. Гэтыя «выбары» нічога не вызначаюць. Яны мне нагадваюць цыркавое шоў. Тут сабраліся людзі, якія ставяцца да гэтага з іроніяй, ігнаруюць гэта. Але гэта ўжо не цыркавое шоў. Для таго каб прыйсці сюды, трэба нешта мець за душой. Гэта ўчынак.

Вельмі хутка пройдзе гэтая кампанія, калі можна сабраць людзей і ёсць шанец, што іх не будуць біць. Трэба гэта выкарыстоўваць, каб у сэрцах і душах было менш страху», - заявіў ён.

Палітык адзначыў, што «замежнікі спадзяюцца перацягнуць Лукашэнку на свой бок. Але Лукашэнкі - не гарант, а пагроза незалежнасці Беларусі».

Даслоўна праз хвіліну пасля пачатку акцыі да мітынгоўцаў падышоў міліцыянт. Ён папярэдзіў Статкевіча, што мітынг несанкцыянаваны і папрасіў разысціся. У адказ палітык заявіў, што бярэ ўсю адказнасць за сённяшнюю акцыю на сябе. Пасля складання пратаколу прадстаўнік улады пайшоў.

На пікеце былі заўважаныя таксама маладыя людзі ў футболках з надпісам «Байкот выбарчаму фарсу».

Праз 20 хвілін пасля пачатку акцыі каля ГУМа налічвалася блізу 200 чалавек.

Як паведамляе «Наша Нiва», людзі скандавалі «Жыве Беларусь» і пляскалі Мікалаю Статкевічу. Палітык адказваў на пытанні журналістаў і простых людзей, паціскаў рукі і фатаграфаваўся.

Праз некаторы час да акцыі далучыўся Алесь Міхалевіч, які надоечы вярнуўся з эміграцыі.

Статкевіч, Някляеў і Лябедзька узняліся на парапет на фасадзе ГУМа. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька заклікаў усіх беларусаў 11 кастрычніка адсвяткаваць Дзень грыбніка, рыбака ці Дзень наведвання цешчы. І замест таго, каб ісці на выбарчыя пункты, лепш з'ездзіць на прыроду ці схадзіць у госці. «Гэта будзе наша перамога, хочуць фарсу, хай будзе фарс», - заявіў ён.

«У нас адно патрабаванне - нармальныя выбары, а не спектакль», - заявіў Мікалай Статкевіч.

Паводле слоў паэта і палітыка Уладзіміра Някляева, толькі новая ўлада можа зрабіць Беларусь еўрапейскай і дэмакратычнай.

«Беларусаў запэўніваюць, што толькі адзін чалавек з'яўляецца гарантам нашай незалежнасці. Напраўду гэта не так. За 20 гадоў кіравання Лукашэнкі Беларусь стала цалкам залежыць ад Расеі. Прынятыя законы, якія абмяжоўваюць нашы правы, а ад нашых беларускай мовы і гісторыі амаль нічога не засталося. Беларускі свет заменены расейскім», - адзначыў ён.

А 18:40 пікет закончыўся. Мікалай Статкевіч падзякаваў прысутным і заклікаў іх 11 кастрычніка не ісці на пункты для галасавання. На думку палітыка толькі так можна паказаць міжнародным назіральнікам, што выбары ў Беларусі сфальсіфікаваныя.

Перад заканчэннем пікету Уладзімір Някляеў і Анатоль Лябедзька адзначылі: чым больш людзей будзе прыходзіць на такія пікеты і чым менш людзей прыйдуць на выбарчыя пункты, тым больш шанцаў, што ў Беларусі зменіцца сітуацыя.

Адказваючы на пытанне, якім чынам дэлегітымізаваць «выбары», Лябедзька параіў хадзіць на выбары не ў якасці выбаршчыка, а ў якасці назіральніка, каб фіксаваць парушэнні падчас кампаніі.

Мікалай Статкевіч яшчэ раз паўтарыў, што на працягу найбліжэйшых тыдняў ён мае праводзіць публічныя акцыі, на якія будзе запрашацца Аляксандр Лукашэнка.

Кажучы пра магчымасць страйку на беларускіх прадпрыемствах, Статкевіч заявіў, што гэта адбудзецца, «калі людзі самі даспеюць, а згары ўплываць бессэнсоўна».

Людзі пачалі пакрысе разыходзіцца па дамах. Пра якія-небудзь затрыманні пакуль нічога не вядома.

На Мікалая Статкевіча складзены адміністрацыйны пратакол паводле арт.23.34 КоАП.

Напісаць каментар 77

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках