18 красавiка 2024, Чацвер, 10:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Алесін: Расея можа размясціць у Беларусі яшчэ і франтавыя бамбавікі

31
Аляксандр Алесін: Расея можа размясціць у Беларусі яшчэ і франтавыя бамбавікі

Чым багата стварэнне расейскай авіябазы ў Беларусі і чаму распараджэнне аб яе стварэнні гучыць вельмі дзіўна?

У суботу, 19 верасня, на афіцыйным сайце Крамля было апублікаванае распараджэнне Уладзіміра Пуціна, нагадвае «Штодзённік». «Прыняць прапанову ўрада Расейскай Федэрацыі аб падпісанні Пагаднення паміж Расейскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб расейскай авіяцыйнай базе на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», - гаворыцца ў ім.

Пры гэтым Пуцін таксама даручыў МЗС і Мінабароны РФ пачаць патрэбныя перамовы з Менскам. Нагадаем, што ўпершыню інфармацыя аб дыслакацыі новай расейскай авіябазы пад Бабруйскам з'явілася ў 2014 годзе. З тых часоў аб тэрмінах увядзення ў строй авіябазы гучалі розныя звесткі. Не праліло святло на гэтае пытанне і распараджэнне расейскага прэзідэнта, якое гучыць даволі дзіўна: спачатку падпісаць пагадненне аб стварэнні авіябазы, а затым правесці перамовы. Пракаментаваць гэты дакумент журналісты папрасілі вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна.

- Чым, на ваш погляд, выкліканая такая дзіўная фармулёўка распараджэння аб стварэнні авіябазы?

- Відавочна, што праект пагаднення, які існаваў, выклікаў нейкія дапаўненні або заўвагі беларускага боку. Праект пагаднення, пададзены на сайце расейскага Кабміна - гэта ўсяго толькі чарнавік, прадмет для абмеркавання. Расейская старана палічыла, што такі варыянт яе задавальняе, адказвае яе інтарэсам. Але гэта можа не ў поўнай меры адпавядаць інтарэсам беларускай стараны. Патрэбная дашліфоўка дакумента перад падпісаннем. І Пуцін распарадзіўся - дамаўляцца. Як мне ўяўляецца, гэта - працоўны момант.

- Якія «падводныя камяні» могуць быць у гэтым пагадненні?

- Калі верыць сакавіцкім заявам нашага амбасадара, доўгі час прадметам рознагалоссяў быў колькасны склад авіяцыйнай групоўкі. Магчыма, што расейцы (гэта маё меркаванне) захацелі мець не 24 самалёты, а больш. Дапусцім, не знішчальнікі Су-27, а яшчэ і франтавыя бамбавікі. Бо сітуацыя міжнародная змяняецца і, магчыма, расейцы захацелі сваю групоўку ў Беларусі нарасціць. З гэтым беларусы могуць быць не згодныя. Альбо гаворка ідзе аб прававым рэжыме авіябазы, які не зусім узгоднены. Я думаю, у Беларусі пройдуць прэзідэнцкія выбары і тады ўжо працэс узгадненняў увойдзе ў завяршальную стадыю.

- А чым пагражае стварэнне гэтай авіяцыйнай базы Беларусі?

- З'яўленне любога вайсковага аб'екта цягне павышаную ўвагу. Вось Польшча стварае ў Ласцы авіяцыйную базу ЗША, дзе будуць базавацца тактычныя знішчальнікі. Зразумела, што яе адразу ж возьмуць пад прыцэл расейскія ўзброеныя сілы. Гэта значыць ўсялякая база тут жа выклікае цікавасць процілеглага боку. І ў выпадку з'яўлення базы ў Бабруйску адпаведныя сілы блока NATO возьмуць яе пад прыцэл. І калі, гіпатэтычна, разгарыцца вайсковы канфлікт, то будуць выдзеленыя сілы і сродкі для нейтралізацыі гэтай базы. Так што, вядома, у гэтым плане патэнцыйная пагроза для Беларусі нарастае. Мы атрымліваем яшчэ адну мэту на беларускай тэрыторыі. Новую мішэнь з усімі вынікаючымі наступствамі.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках