5 сакавiка 2024, aўторак, 13:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міклаш Харашці: Гэтую мыльную оперу мы бачылі шмат разоў

6
Міклаш Харашці: Гэтую мыльную оперу мы бачылі шмат разоў
Міклаш Харашці

«Выбары» ў Беларусі па вызначэнні не могуць быць свабоднымі і справядлівымі.

У камітэце замежных спраў Еўрапарламента адбыліся слуханні аб Беларусі.

У іх бралі ўдзел Дырэктар аддзела Еўрапейскага партнёрства Еўрапейскай службы замежнай палітыкі Гунар Віганд і спецыяльны дакладчык ААН Міклаш Харашці. На слуханнях выступіў намеснік старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч, паведамляе «Радыё Свабода».

Дырэктар аддзела Еўрапейскага партнёрства Еўрапейскай службы замежнай палітыкі Гунар Віганд адзначыў, што хоць самае галоўнае патрабаванне ЕЗ - вызваленне палітычных зняволеных - было выкананае, гэта не азначае, «што цяжкі стан з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі змяніўся за адну ноч». Ніякіх сістэмных зменаў у гэтым напрамку ў краіне не адбылося, падкрэсліў Гунар Віганд і нагадаў, што «грамадзянскія і палітычныя правы былых палітычных зняволеных не адноўленыя, а іх вызваленне было зроблена такім чынам, каб не дапусціць іх удзелу ў цяперашніх прэзідэнцкіх выбарах».

Тым не менш, існаванне палітычных зняволеных было адной з галоўных прычын, праз якія былі ўведзеныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі, нагадаў Гунар Віганд.

«Дакладны адказ Еўразвязу на вызваленне палітвязняў дагэтуль абмяркоўваецца ў Еўрапейскай Радзе (рада міністраў замежных спраў краін-сябраў - рэд), але пэўна, што рэакцыя на гэты важны крок будзе найбліжэйшы час. Упершыню з канца 2010 года можна сабе ўявіць больш канструктыўныя стасункі паміж ЕЗ і Беларуссю. Не хацелася б, каб нас крытыкавалі за тое, што мы не скарысталіся гэтым акном магчымасцяў», - падкрэсліў еўрапейскі палітык.

Акрамя гэтага, дырэктар аддзела Еўрапейскага партнёрства Еўрапейскай службы замежнай палітыкі яшчэ раз спыніўся на тым, што Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, якая дагэтуль прымяняе смяротнае пакаранне.

Спецыяльны дакладчык ААН Міклаш Харашці заклікаў не радавацца ілюзіямі з нагоды нібыта адноснай лібералізацыі ў Беларусі.

«Гэтую мыльную оперу мы бачылі шмат разоў - вызваленне палітвязняў перад выбарамі. Таму я б раіў пачакаць з буйным крокам насустрач Менску, прынамсі, да выбараў, на якіх Аляксандр Лукашэнка стане ўласным пераемнікам.

Мы ведаем вынікі гэтых выбараў - ведаем прычыны нязменных законаў, нязменнага становішча з правамі чалавека, між іншым, нязменнага становішча з выбарчымі правамі. Такія выбары па вызначэнні не могуць быць свабоднымі і справядлівымі. І яны ніколі не былі свабоднымі і справядлівымі з тых часоў, як прэзідэнт Лукашэнка прыйшоў да ўлады», - падкрэсліў Спецыяльны дакладчык ААН Беларусі.

«Вы можаце скасаваць некаторыя санкцыі, калі сістэма дазволаў крыху палепшылася, калі дала грамадзянскай супольнасці кропельку магчымасцяў быць свабоднай. Але ў мінулым снежні ў Беларусі быў прыняты закон, які паставіў увесь інтэрнэт пад кантроль дзяржавы, нават калі гаворка ідзе пра асобныя вэб-сайты і нават асобныя каментары. Гэта было зроблена, калі палітвязні чакалі ў турме вызвалення перад прэзідэнцкімі выбарамі, што відавочна было зроблена таксама з выбарчымі мэтамі», - нагадаў ён.

«Маё меркаванне - крок насустрач Менску будзе геапалітычна важным з дыпламатычнага пункту гледжання. Але з пункту гледжання абароны правоў чалавека, я мяркую, такі крок павінен рабіцца ў спалучэнні з яшчэ большымі саступкамі з боку беларускіх уладаў. Прынамсі, абяцанні такіх саступак. У гэтым выпадку абяцанні скасавання санкцый могуць дапаўняць гэтыя абяцанні Менску», - дадаў Міклаш Харашці.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках