10 кастрычнiка 2024, Чацвер, 19:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Статкевіч і Лябедзька сустрэліся з дырэктарам БДІПЧ АБСЕ ў Беларусі

1

Беларускія палітыкі ды праваабаронцы сышліся з місіяй АБСЕ ў галоўным: каб вярнуць беларусам права выбару, патрэбная палітычная воля.

29 студзеня беларускія палітыкі і праваабаронцы Анатоль Лябедзька, Мікалай Статкевіч, Валянцін Стэфановіч сустрэліся з дырэктарам БДІПЧ АБСЕ Міхаэлем Лінкам і намеснікам старшыні Парламенцкай асамблеі АБСЕ, кіраўніком місіі кароткатэрміновых назіральнікаў Кентам Харстэдам.

З боку БДІПЧ таксама прысутнічалі начальнік сакратарыята Жан Фрэлі і дарадца ў выбарах Уладзімір Місеў.

Лінк і Харстэд прывезлі ў Менск канчатковую рэдакцыю дакумента, які змяшчае ацэнку «прэзідэнцкай кампаніі» ў Беларусі, таму размова часткова датычылася гэтага дакумента.

«Мы сышліся ў галоўным, што для таго, каб памяняць выбарчае заканадаўства і хоць бы часткова вярнуць беларусам права выбару патрэбныя не час, пра што цяпер гавораць беларускія ўлады, а палітычная воля ўладаў. І гэта галоўнае. Да таго ж Лінк і Харстэд адзначылі, што прапановы ў змене выбарчага заканадаўства ляжаць на стале ў Лукашэнкі, Ярмошынай і Макея не дзень, не месяц, а гады, і гэта азначае, што ўсе з імі азнаёміліся», - распавёў сайту ucpb.org Анатоль Лябедзька.

«Мы сканцэнтравалі сваю ўвагу на тым, што патрэбныя не колькасныя паказчыкі зменаў у заканадаўстве і практыцы, а менавіта якасць. Гэта азначае літаральна тры пункты:

1. Адкрыты падлік галасоў

2. Плюралістычнае фармаванне выбарчых камісій

3. Мінімізацыя негатыўных наступстваў датэрміновага галасавання праз рэгламентацыю гэтай працэдуры

Можна па-рознаму ставіцца да Лінка і Харстэда, але гэта прафесіяналы высокай пробы. Яны ведаюць, што трэба зрабіць, каб у людзей было права выбару», - заявіў Анатоль Лябедзька.

Паводле вынікаў сустрэчы Валянцін Стэфановіч коратка пракаментаваў яе змест сайту ПЦ «Вясна»:

«Гутарка можна ўмоўна падзяліць на два блокі. Гэта, перш за ўсё, агульная сітуацыя ў краіне. Я падкрэсліў, што няма з боку ўладаў сістэмных зменаў, скіраваных на якаснае паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека, а некаторыя апошнія тэндэнцыі сведчаць нават пра яе пагаршэнне. Прынамсі, я адзначыў апошнія выпадкі прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці журналістаў, якія працуюць з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі».

Валянцін Стэфановіч перадаў Міхаэлю Лінку «Аналітычны агляд паводле сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў 2015 годзе», падрыхтаваны ПЦ «Вясна» і адзначыў, што высновы, зробленыя праваабаронцамі паводле вынікаў мінулага года, не страцілі сваёй актуальнасці і сёння. Праваабаронца таксама праінфармаваў дэлегацыю БДІПЧ аб апошнім дакуменце, які быў супольна прыняты праваабарончымі арганізацыямі Беларусі дзень назад, у якім адзначана ўзгодненая пазіцыя беларускіх праваабаронцаў пры вызначэнні стратэгіі міжнародных партнёраў з Беларуссю і пра тых чаканнях, якія б хацелася бачыць ад гэтага ўзаемадзеяння.

Другі блок размовы быў прысвечаны непасрэдна апошнім «выбарам» прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Валянцін Стэфановіч пры гэтым падкрэсліў, што «для нас цяпер надзвычай важным з'яўляецца імплементацыя тых рэкамендацый, якія былі зробленыя БДІПЧ АБСЕ паводле вынікаў назірання, прычым, улічваючы тое, што многія з іх зробленыя вельмі даўно, але застаюцца актуальнымі цягам даволі доўгага часу. Яны адлюстроўваюць сістэмныя праблемы ў выбарчым заканадаўстве, якія ў нас ёсць. Перш за ўсё - падлік галасоў і яго празрыстасць, фармаванне выбарчых камісій, датэрміновае галасаванне і правы назіральнікаў».

«Я адзначыў, што многія змены маглі быць зробленыя нават без унясення зменаў у Выбарчы кодэкс і ўрэгуляваныя адпаведнымі пастановамі Цэнтрвыбаркама. Зразумела, што галоўнае тут - палітычная воля ўладаў», - сказаў праваабаронца.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках