29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На судзе ў Менску добраахвотнік «Правага сектара» Аватараў заявіў пра ціск на яго

7

У Фрунзенскім раёне Менска ідзе суд над добраахвотнікам «Правага сектара» Тарасам Аватаравым.

Судовы працэс пачаўся з нечаканасці: усяго арсеналу, які з падачы праваахоўнікаў паказалі на ўсю краіну на ТВ, у абвінавачванні папросту няма. Дзяржабвінаваўца нічога не сказаў пра пісталет Макарава, які з помпай паказалі на тэлевізіі. Высветлілася, што гэта сігнальны пісталет, які не быў зараджаны, перадае «Еўрарадыё».

Тараса Автарава, затрыманага на чыгуначным вакзале ў Менску 26 лістапада 2015 года, абвінавачваюць у правозе на тэрыторыю Беларусі ручной аскепкавай гранаты. Паводле слоў дзяржабвінаваўцы, яе перавезлі на аўтамабілі «Дэў Ланас» праз памежны пункт «Новая Гута». Потым электрычкамі - з Гомеля ў Жодзіна і ў Менск.

Фота: «Радыё Свабода»

Сведка на судзе, які быў панятым пры затрыманні Тараса Аватарава, апісаў, якія рэчы ў таго канфіскоўвалі:

«Даведку «Правага сектара», чорна-чырвоны сцяг, шаўроны, чырвона-чорную свастыку (магчыма, сведка памыляецца, абвінавачванне нічога не паведамляла пра свастыку - рэд.), чорны пацёрты пісталет, які, як мне сказалі, не баявы, і гранату з падствольнага гранатамёта. Ведаю, як яна выглядае, таму што сам служыў».

У інтэрв'ю «Радыё Свабода» перад судом Аватараў заявіў, што яго прэсуюць, кідаюць у так званыя «прэс-хаты», такім чынам дамагаюцца прызнання.

Судзіць Аватарава суддзя Фрунзенскага раённага суда Жукоўская.

На судзе таксама стала вядома, што прозвішча Аватарава ад нараджэння - Поспех. У суд прыйшоў ягоны брат Аляксей Поспех, які з прэсай дагэтуль не кантактаваў.

Тараса Аватарава абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкула 295 ( «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да боепрыпасаў») і часткі 2 артыкула 228 Крымінальнага кодэкса («Кантрабанда»).

«Не, я не перавозіў ніякай зброі. Калі экспэртыза палічыла вучэбную сігнальную гранату зброяй, то прызнаю абвінавачванні часткова», - сказаў Тарас суддзі.

Дапытвалі і маладога патрульнага міліцыянта, які затрымліваў Аватарава:

«Убачылі грамадзяніна, спаў. З-пад курткі тырчала бронекамізэлька. Наважылі спытаць, чаму ў такім выглядзе, адкуль ён. Падышлі, абудзілі, спыталі. Ён сказаў, што Канстытуцыяй не забаронена знаходзіцца ў бронекамізэльцы. Наважылі праверыць яго ў базах і папрасілі прайсці ў дзяжурную частку. Потым з ім пагаварылі больш дасведчаныя супрацоўнікі. Цікавіліся, ці ёсць у яго забароненыя рэчывы. Пры сабе ў яго быў заплечнік. Зайшлі ў пакой следча-экспэртнай групы. Потым быў праведзены асабісты дагляд. Рэчы даставаць пачалі самі. Убачылі гранату, здаецца, у правай кішэні курткі, яе дастаў аператыўны супрацоўнік. Да яго ўжылі спецсродкі. У яго быў пісталет, пашпарт, карткі, папера аб тым, што ён удзельнічаў у баявых дзеяннях, сцяг...»

Агулам Тарас Аватараў паводзіць сябе на судзе вельмі смела. З самага пачатку ён зрабіў некалькі гучных заяў. Перш за ўсё забараніў здымаць сябе расейскім СМІ.

«Я абараняў Радзіму, а што вы рабілі ва Украіне?» - звярнуўся абвінавачаны да расейскіх журналістаў.

Тарас папрасіў вызваліць яго ад крымінальнай адказнасці паводле амністыі ў сувязі з гадавінай Перамогі.

Таксама абвінавачаны папрасіў сустрэчы з кіраўніком КДБ Валерыем Вакульчыкам. З ім ён захацеў пагутарыць наконт нейкіх «унутраных» спраў, і каб не выказвацца перад СМІ «аб гвалце і катаваннях, з якім сутыкнуўся ў следчым ізалятары».

«Таксама я не быў азнаёмлены з матэрыяламі справы, следчы патрабаваў, каб я азнаёміўся з імі менш чым за 4 гадзіны», - не пераставаў выкрываць Тарас Аватараў праваахоўную сістэму.

Нахабна ўсміхаўся, калі слухаў пракурора, а больш за ўсё смяяўся са слоў сведкі аб даведцы «Правага сектара».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках