Матэматыкі прадказалі пераможцаў чэмпіянату Еўропы ў футболе
3- 1.06.2016, 18:00
- 24,634
Матэматыкі з Інсбрукскага ўніверсітэта стварылі статыстычную мадэль, якая дазваляе прадказаць вынікі ЧЕ-2016 у футболе.
Згодна з яе прагнозамі, Францыя і Нямеччына маюць найбольш шанцаў стаць пераможцамі турніру. Артыкул апублікаваны на сайце EconPapers (пераклад - lenta.ru).
Для прадказання вынікаў чэмпіянату навукоўцы скарысталіся звесткамі аб магчымых выніках матчаў чэмпіянату, запазычанымі ў 19 букмекераў. Іх ўжылі да складанай статыстычнай мадэлі, якая дазваляе мадэляваць усе магчымыя сустрэчы каманд і пераможцаў.
Згодна з гэтай мадэллю, Францыя стане пераможцай турніру з імавернасцю 21,5 адсотка, за ёй ідзе Нямеччына з імавернасцю перамогі 20,1 адсотка. Гішпанія, якая абараняе тытул чэмпіёна, пападае на трэцяе месца ў спісе магчымых пераможцаў (13,7 адсотка). Англія і Бельгія з'яўляюцца найлепшымі з астатніх краін: 9,2 і 7,7 адсоткі імавернасці перамогі адпаведна.
Мадэль таксама дазваляе прадказаць, якія з каманд сустрэнуцца адна з адной. Так як Францыя і Нямеччына з'яўляюцца фаварытамі ў межах сваіх груп, то існуе вялікая імавернасць, што іх каманды сустрэнуцца ў паўфінале.
Пераможца матчу сустрэнецца з Гішпаніяй у фінале. Праз тое, што ў 2016 годзе ў чэмпіянаце ўпершыню бяруць удзел 24 каманды, а не 16, імавернасць канкрэтных матчаў ніжэйшая ў параўнанні з прагнозамі пераможцаў. Імавернасць сустрэцца з Гішпаніяй у фінале складае 5,7 адсотка для Францыі і 5,4 адсотка для Нямеччыны.
Статыстычная мадэль давяла сваю надзейнасць пры прагназаванні вынікаў двух апошніх чэмпіянатаў Еўропы і чэмпіянату свету. Аднак навукоўцы падкрэсліваюць, што іх мадэль далёкая ад таго, каб прадказваць вынікі матчаў са стоадсоткавай імавернасцю, а ацэньвае імавернасць перамогі той ці іншай каманды.