Магілёўскі міліцыянт Вова: Мой заробак з вашых падаткаў? Не ведаў
122- 27.06.2016, 19:24
- 17,183
Уладальнік кавярні ў Магілёве апублікаваў відэа пра тое, як працуе беларуская міліцыя.
22 чэрвеня Максім Кандраценка, уладальнік кавярні "Рэспубліка" ў цэнтры Магілёва, зладзіў з сябрамі свята для дзяцей са зборам цацак для дзіцячых дамоў: маленькія магілёўцы малявалі крэйдай на бруку вуліцы Ленінскай, кавярня частавала іх какавай, побач выступаў музыка.
Свята спынілі чатыры міліцыянты, якія прыехалі нібыта «на званок у 102 са скаргай на парушэнне грамадскага парадку».
«Яны не сказалі, хто тэлефанаваў, адкуль. Мы музыку спынілі, але я спраўдзіў у іх дакументы», - кажа ў гутарцы з «Белсатам» Максім. - «І з гэтага ўсё пачалося».
Размову з міліцыяй Максім выклаў у інтэрнэце - за дзень відэа сабрала больш за 2500 тысяч праглядаў.
Просьбу Максіма прадставіцца міліцыянты праігнаравалі: маўляў, досыць формы, а калі не - то кабуры.
- А можна вашы дакументы?
- А што - не відаць, што я супрацоўнік міліцыі?
- Не, не відаць.
- Хадземце, я вам у аўтамабілі пакажу.
Фактычна, сваё пасведчанне паказаў толькі адзін супрацоўнік з пяці. Яшчэ адзін проста памахаў ім перад носам Максіма. Іншы міліцыянт прадставіўся коратка: «Вова». Праваахоўнікі не былі ўпэўненыя, затрымліваюць яны Максіма ці не, а калі затрымліваюць - за што менавіта.
Патруль забыўся ўцямна растлумачыць Максіму падставы абмежавання ягоных правоў і свабод, а таксама ягоныя правы і абавязкі.
Правы і абавязкі саміх міліцыянтаў ім пачаў тлумачыць Максім і ягоныя сябры. Мужчыны распавялі таксама міліцыянту, адкуль бяруцца грошы на ягоны заробак.
- Вы на нас працуеце. Мы для вас падаткі плацім, - кажа ў размове з Вовам уладальнік кавярні.
- Менавіта на вас? Вы мне плаціце заробак?
- Вядома! А вы думалі - хто?
- Вось менавіта вы?
- Ён плаціць, я плачу. Куды пальцам не ткні – кожны з іпэшнікаў і прадпрымальнікаў. Гэта твой заробак, Валодзя.
- Не ведаў.
Калі пасля чарговай адмовы міліцыянтаў паказаць дакументы Максім адмовіўся паказаць свае, міліцыянты заламалі яму рукі і адвялі ў аўтамабіль.
«Хлопца, які здымаў, і мяне адвезлі ў апорны пункт на вуліцы Крыленкі. Яны, аднак, не ведалі, што нам прыпісаць. Мы прабылі там паўтары гадзіны - нічога не склаўшы, нас адпусцілі», - кажа прадпрымальнік.
Цяпер Максім Кандраценка мае намер абскардзіць дзеянні міліцыянтаў у пракуратуры, ва Управе ўласнай бяспекі, а таксама ў судзе.