27 красавiка 2024, Субота, 2:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На якіх вайсковых аб'ектах РФ размесціць у Беларусі свае танкі ды іншую тэхніку?

33
На якіх вайсковых аб'ектах РФ размесціць у Беларусі свае танкі ды іншую тэхніку?
ФОТА: АР

Мінабароны назвала вайсковыя аб'екты, якія падрыхтуюць для супольнага выкарыстання з Расеяй.

У Міністэрстве абароны Беларусі «Радыё Свабода» пракаментавалі пастанову ўрада Беларусі, у адпаведнасці з якой на тэрыторыі Беларусі адрамантуюць вайсковыя аб'екты, якія збіраюцца выкарыстоўваць вайскоўцы Расеі. Якія гэта аб'екты?

«Гэта аэрадромы, аб'екты радыёнавігацыі, інжынернай інфраструктуры, арсеналы, базы, склады, інфраструктура тылу - тыя аб'екты, якія плануюцца да супольнага выкарыстання ў інтарэсах забеспячэння рэгіянальнай групоўкі войскаў «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі», - сказаў прэс-сакратар Мінабароны Уладзімір Макараў.

Першачарговы капітальны рамонт гэтых аб'ектаў запланаваны ў рамках праекта праграмы «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі, патлумачыў палкоўнік Макараў.

Якія ёсць юрыдычныя падставы рыхтаваць беларускія сховішчы і аэрадромы для выкарыстання расейскімі вайскоўцамі?

Са слоў Уладзіміра Макарава, ухвалены ўрадам праект праграмы «цалкам адпавядае нашым дактрынальным дакументам». Ён спаслаўся на 20-ы артыкул Вайсковай дактрыны Рэспублікі Беларусь, згодна з якой «асноўнымі прыярытэтнымі кірункамі ў кааліцыйнай палітыцы Рэспублікі Беларусь з'яўляецца ўзмацненне сістэмы калектыўнай бяспекі і далейшае развіццё стасункаў з Расейскай Федэрацыяй».

На пытанне, ці азначае гэта, што цяпер расейскія вайскоўцы змогуць на доўгі час размясціць у беларускіх сховішчах сваю вайсковую тэхніку, спадар Макараў адказаў, што «гаворка ідзе пра капітальны рамонт аб'ектаў інфраструктуры, якія можна супольна выкарыстоўваць у інтарэсах групоўкі рэгіянальных войскаў».

Са слоў палкоўніка Макарава, «тэрміны рэалізацыі пастановы - з 2018 да 2021 гады».

«Гэта яшчэ адзін крок да магчымай вайны»

6 снежня 2017 года ўрад Беларусі ўхваліў праект праграмы «саюзнай дзяржавы» аб удасканаленні аб'ектаў вайсковай інфраструктуры, якія прызначаны для супольнага выкарыстання рэгіянальнай вайсковай групоўкай Расеі ды Беларусі.

Са слоў вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна, гаворка ідзе аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі ў яе ангарах і складах расейскай вайсковай тэхнікі, якая належыць расейскім часткам аб'яднанай рэгіянальнай групоўкі.

«Папярэднія манеўры паказалі, што калі расейскія часткі з гэтай групоўкі разгортваюцца на тэрыторыі Расеі, гэта займае не дні, а тыдні. Бо шмат часу сыходзіць на пагрузку-разгрузку. Таму будзе абраны іншы варыянт: тэхніку і боепрыпасы будуць захоўваць тут, а жывую сілу пры патрэбе хутка даставяць паветрам або цягніком», - мяркуе Аляксандр Алесін.

«Гэта яшчэ адзін крок да магчымай вайны», - сказаў пра падрыхтаваны праект экспэрт Аляксандр Алесін.

Экспэрт мяркуе, што грошы на рамонт вайсковых аб'ектаў у Беларусі, якімі змогуць карыстацца расейскія вайскоўцы з аб'яднанай рэгіянальнай групоўкі, будуць узятыя з бюджэту Беларусі.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках