Як беларусам даглядаць ялінку
1- 23.12.2017, 20:40
- 13,499
Некалькі правілаў, каб не нашкодзіць кішэні і навакольнаму асяроддзю.
Сёння ў Менску адчыніліся ялінкавыя базары. Тысячы зялёных дрэўцаў стануць у дамах беларусаў галоўным упрыгожваннем на наступныя некалькі тыдняў, перадае «Белсат». Кіруемся на пункт продажу, каб даведацца пра асартымент, кошты і попыт. Але на пачатку запытаемся параду ў спецыялістаў, ці не надта мы шкодзім асяроддзю, набываючы жывую ялінку на Новы год?
Штучная, жывая або ялінка ў гаршку?

Калі наважылі набываць жывую калядную ялінку, то зрабіце гэта ў адмысловых пунктах. Сюды дрэўцы прыязджаюць са спецыяльных пітомнікаў, іх не вырубаюць у лесе і адмыслова разлічваюць на попыт на елкі на Каляды. Выбірайце маленькую, лепш за ўсё, дрэўца да 3-х гадоў, каля аднаго метра ў вышыню і беларускага паходжання. Такім чынам шкода для наваколля будзе найменшай.
Больш эканамічнай і нават больш экалагічнай выявіцца… штучная ялінка. Але толькі ў тым выпадку, калі вы плануеце выкарыстоўваць яе шмат гадоў.
«Калі яе добра даглядаць, такое дрэва можа стацца вечным. Гэта пакрые ўсе выдаткі рэсурсаў на яе выраб, – тлумачыць Наталля Блышчык, супрацоўніца Цэнтру экалагічных развязанняў у Менску. – Але памятайце, што пластыкавыя ялінкі не перапрацоўваюцца, і ў выніку яны апынаюцца на сметніку, дзе праляжаць стагоддзі. Таму калі не плануеце карыстацца пластыкавым дрэвам шмат гадоў, абярыце іншы варыянт».
Сярод вытворцаў можна знайсці прапановы ялінак у гаршках. Здаецца гэта найбольш экалагічны варыянт, бо потым такую ялінку можна высадзіць на лецішчы або ў лесе ці пакінуць жыць дома. Але гэта толькі на першы погляд.
«Спрэчны варыянт, бо на іх вырошчванне выкарыстоўваецца вельмі шмат вады. А даглядаць яе правільна, каб яна не загінула ў цёплай кватэры або потым пасля перасадкі не кожны здатны», – кажа Наталля Блышчык.
Такую ж думку выказала і Галіна, прадавачка на елкавым базары ў Першамайскім раёне Менску. Яна чатыры гады гандлюе ялінкамі на Каляды, і ўпэўненая, што жывая звычайная беларуская елка з гадавальніка – самы лепшы варыянт на Каляды.

Галіна гандлюе елкамі на Каляды чатыры гады. Спачатку яна нанялася праз аб’яву, а цяпер яе запрашаюць штогод.
«У гаршках елак у нас ніколі не было. Зазвычай, гэта дрэвы з замежжа, яны едуць здалёк, або вырошчваюцца недзе ў цяпліцах. Сумняваюся, што яна потым доўга пражыве ў грунце або ў кватэры», – кажа Галіна.
Грэемся гарбатай і думкамі, што ўвечары будзем дома

А 11-й ранку на елкавым базары на Лагойскім тракце мінакі прыглядаюцца да ялінак і коштаў.
Прадаўцы кажуць, што за першыя некалькі гадзін працы прадалі толькі два дрэўцы. Але гэта толькі першы дзень. Зазвычай попыт на елкі – вялікі, пункты гандлю працуюць ад 8 ранку да 9 вечара.

«Толькі напішыце, калі ласка, што мы тут не ўжываем алкаголь дзеля сагравання. А то напісалі аднойчы ў адной газэце, што прадавачкі п’яныя стаяць. Калі б мы грэліся алкаголем, то не выстаялі б з ранку да вечара. Мы грэемся гарбатай, цёпла адзяваемся і думаем пра тое, што ўвечары будзем дома», – кажа Галіна.
Свежыя ялінкі прывозяць штодзень. Самыя папулярныя ў беларусаў – елкі да 1,5 мэтраў. Кошты пачынаюцца ад 15 рублёў за дрэўца вышынёй 1 мэтар, 23 рублі – 1,5 мэтра, 2 мэтры – 30 рублёў.
Як даглядаць ялінку?

«Не пашкадуйце, вазьміце вядро, гледзячы на памеры ялінкі, прымацуйце да яго крыжавіну з драўляных дошак для ўстойлівасці. Набярыце ў вядро пяску, упраўце ялінку і палівайце вадою з адной таблеткай аспірыну на літр. І раз на тыдзень прыкладна падліваць вады, будзе стаяць да сакавіка», – дае параду Галіна.
Калі надумаеце выкідаць сваё каляднае дрэва, можна таксама паклапаціцца аб экалагічнасці. Па-першае, лепш парэзаць дрэўца, каб яно не займала на сметніку шмат месца. Па-другое, калі ёсць магчымасць, можна выкарыстаць драўніну ў печы або завезці ў мясцовы заапарк – на корм жывёлінам.
Ялінка з ялінавых лап і з таго, што дома дрэнна ляжыць

Варыянт для тых, хто не хоча купляць цэлае дрэва або яго дома няма дзе паставіць. Ялінавыя лапы таксама прадаюцца на ялінкавым базары. З іх можна скласці дэкарацыі, сплесці вянок, павесіць на сцяну або на дзверы.
Азірніцеся навокал. Магчыма, вам і не патрэбна купляць ялінку – вы яе ўжо маеце, у двары вашага дому. Паклічце суседзяў, вазьміце гарбаты і ўпрыгожце разам сапраўднае дрэва.
З каляровай паперы, з шышак, часопісаў, цукерак, нітак, фотаздымкаў – у сеціве шмат майстар-класаў і прапаноў, як выкарыстаць вашу фантазію і аздобіць пакой або святочны стол.

Неабавязкова купляць ялінку і цацкі для яе. Можна нават… проста намаляваць яе!
І не толькі ялінкі. Як зрабіць сваё свята больш танным і экалагічным

Каб не пакутавала сумленне ад выгляду незлічоных пакетаў смецця пасля святкавання, можна гэтыя пакуты папярэдзіць. Напрыклад, для абгорткі падарункаў выбірайце звычайную каляровую паперу, а не ламінаваную і бліскучую. Залатая і срэбная фольга разбураецца ў навакольным асяроддзі больш за 100 гадоў.
Замест пернікаў і цукерак у пакунках зрабіце маленькія ласункі самі! А замест пластыкавых аднаразовых цацак абярыце шкляныя, што праслужаць шмат гадоў. Можна зрабіць упрыгожванні для елкі сваімі рукамі, звязаць або склеіць з паперы. Ці яшчэ, для разнастайнасці, памяняцца цацкамі з роднымі і сябрамі.
«Ад чаго агулам трэба адмовіцца – дробныя пластыкавыя або фальгаваныя бліскаўкі, якія некаторыя любяць рассыпаць навокал. Лепш згадаць папяровыя хлопаўкі. А таксама сачыце за святочным сталом, каб не давялося потым выкідаць ежу», – параіла супрацоўніца Цэнтру экалагічных развязанняў Наталля Блышчык.