Новая сіла эканомікі ЗША
6- 27.12.2017, 21:21
- 22,376
Перадкалядныя пакупкі амерыканцаў здзівілі аналітыкаў.
Сёлета амерыканцы з вялікім энтузіязмам здзяйснялі перадкалядныя пакупкі ў гандлёвых цэнтрах і праз Інтэрнэт. На думку экспэртаў, гэтаму спрыялі паляпшэнне сітуацыі на рынку працы і халоднае надвор'е, паведамляе «Голас Амерыкі».
Пакупнікі пайшлі на шчодрыя выдаткі падчас выходных «чорнай пятніцы» ў канцы лістапада, якія адкрылі сезон перадкалядных продажаў, пасля чаго пакупніцкая актыўнасць узмацнілася ў снежні, кажуць аналітыкі.
Экспэрты змогуць падвесці канчатковыя вынікі перадсвяточных продажаў толькі ў студзені. Яны будуць уключаць звесткі па продажах у дзень пасля Раства, 26 снежня, які, як правіла, з'яўляецца адным з самых ажыўленых дзён для гандлю ў годзе.
Але папярэднія звесткі паказваюць на паспяховы год у цэлым. Паводле ацэнак Mastercard SpendingPulse, рост продажаў у перадкалядны сезон склаў 4,9 працэнта, што з'яўляецца самым высокім паказчыкам з 2011 года.
«У цэлым, гэты год прынёс вялікую выгаду раздробнаму гандлю, - заявіла старэйшая віцэ-прэзідэнтка аналізу рынка Сара Квінлан. - Гэта, між іншым, тлумачыцца крэпасцю эканомікі ЗША, але мы таксама павінны прызнаць, што гандлёвыя сеткі, якія выкарыстоўвалі новыя стратэгіі, каб прыцягнуць пакупнікоў у перадсвяточны сезон, сталі бенефіцыярамі гэтага росту продажаў».
Аналітычная кампанія IHS Markit паказвае на добрыя макраэканамічныя паказчыкі, такія як максімальны за 17 гадоў узровень спажывецкай упэўненасці ў ЗША, дасягнуты ў лістападзе, і мінімальны за 17 гадоў узровень беспрацоўя, якія дазволілі пакупнікам адкрыць свае кашалькі.
Халоднае надвор'е на значнай частцы краіны таксама спрыяла продажам куртак і іншага зімовага адзення, кажа выканаўчы дырэктар IHS Markit Крыс Крыстафэр.
«Адбылося значнае павышэнне перадсвяточных продажаў, - кажа Крыстафэр, які змяніў свой прагноз росту продажаў да канца снежня з 4,2 да 4,7 працэнта. - Усё паказвае на добры перадсвяточны сезон».
З'яўленне закона аб маштабным зніжэнні падаткаў, які быў прыняты рэспубліканцамі ў Кангрэсе пры падтрымцы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, таксама, імаверна, трохі павысіў выдаткі пакупнікоў, хоць Крыстафер адзначае, што «паказчыкі былі моцныя яшчэ да гэтага».
Аналітыкі таксама адзначаюць, што той факт, што Каляды выпалі на панядзелак, спрыяў пакупкам у апошні момант на выходных, якія папярэднічалі святу.