26 красавiка 2024, Пятніца, 11:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прапановы МВФ пазбавілі Лукашэнку сну

13
Прапановы МВФ пазбавілі Лукашэнку сну
ФОТА: «Радыё Свабода»

Правадыр асуджаны бачыць прарочыя сны пра паўтарамільённыя пратэсты «дармаедаў» на вуліцах Менска ды іншых гарадоў.

Міжнародны валютны фонд не толькі не даў Беларусі такі жаданы ўладамі крэдыт, але і надоўга забяспечыў беларускага правадыра бессанню, піша belaruspartisan.org.

Днямі стала вядома, што МВФ спыніў перамовы з Беларуссю аб выдачы крэдыту праз "адсутнасць уцямнай пазіцыі што да падтрымкі рэформаў». Гаворка ідзе найперш аб тым, што тычыцца дзяржаўных прадпрыемстваў і камунальнага сэктара, заявіў афіцыйны прадстаўнік МВФ Вільям Мюрэй.

Аднак яшчэ кагадзе гэтыя патрабаванні не выклікалі ў беларускіх улад ніякага адхілення.

«Мы не знайшлі нейкіх праблем ва ўзгадненні той праграмы, якая прапанаваная. Усё, што прапануецца - гэта разумна, рана ці позна нам давядзецца рэалізоўваць. Гэта нават не рэформы, гэта нармальнае функцыянаванне дзяржавы», - казаў аб прапановах МВФ Аляксандр Лукашэнка ў снежні 2015 года.

Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліваў, што ўмовы выдзялення крэдыту вельмі выгадныя.

«Добры крэдыт, добрая сума, якую я ў іх прасіў, і адсотак добры. Ні Расея, ніхто нам пад такі адсотак грошы не дае», - заяўляў ён.

Тым не менш, беларускія ўлады аддалі перавагу пазыцы ўтрая даражэйшай, абы не праводзіць рэформы і захаваць ручны кантроль над эканомікай.

Так, 2016 годзе было падпісанае крэдытнае пагадненне з ЕФСР аб выдачы Беларусі крэдыту на агульную суму $ 2 млрд сям'ю ратамі ў 2016-2018 гадах. Таксама ў красавіку гэтага года, пасля ўрэгулявання нафтагазавай спрэчкі, Беларусь дамовілася з Расеяй аб крэдыце $ 700 млн. Акрамя таго, у чэрвені Беларусь змясціла дзве раты еўрааблігацый на $ 800 млн пад 7,125% гадавых тэрмінам на 5 гадоў і $ 600 млн пад 7,625% на 10 гадоў (адзначым, што МВФ прапаноўваў крэдыт $ 3 млрд пад 2,28% гадавых на 10 гадоў).

Улады сцвярджаюць, што гэтых пазык Беларусі на цяперашні момант больш чым дастаткова, і патрэба ў крэдыце МВФ проста адпала сама сабой. Аднак яшчэ паўгода таму там казалі супрацьлеглыя рэчы.

Так, намеснік старшыні ўправы Нацбанка Дзмітрый Калечыц заяўляў, што крэдыт МВФ усё адно патрэбны Беларусі, каб павялічыць золатавалютныя рэзэрвы краіны да неабходнага, з пункту гледжання кампенсацыі валютнай рызыкі, узроўню $ 9,5 млрд (сёння ЗВР Беларусі складаюць $ 4,8 млрд).

Пры гэтым менавіта атрыманне крэдыту МВФ уважалася за першараднае, бо дазволіла б знізіць кошт іншых пазык. Так, паводле ацэнкі першага намесніка міністра фінансаў Максіма Ермаловіча, еўрабонды каштавалі б Беларусі на 1,5-2% на год танней з праграмай МВФ, чым без яе. Акрамя таго, паводле ягоных слоў, сам факт выдачы нашай краіне крэдыту МВФ стаў бы сігналам іншым інвестарам і сусветным банкам аб перспектыўнасці супрацоўніцтва з Беларуссю.

Аднак, ад усіх гэтых несумнеўных плюсаў пастанавілі адмовіцца дзеля захавання цяперашніх тарыфаў ЖКГ і датацый для дзяржаўных прадпрыемстваў.

Пры гэтым малаімаверна, што ў прыняцці пастановы аб прыпыненні перамоў аб крэдыце МВФ пытанне ўзроўню тарыфаў ЖКГ мела нейкае сур'ёзнае значэнне. Ужо сёння беларусы аплачваюць блізу 70% ад вартасці камунальных паслуг, і павышэнне гэтага ўзроўню да 100% не стала б для насельніцтва такой ужо сур'ёзнай плягай. Тым больш, што выхад на поўную аплату паслуг ЖКГ насельніцтвам і так запланаваны на канец 2018 года.

Такім чынам, асноўным каменем спатыкнення з МВФ стала пытанне субсідавання дзяржаўных прадпрыемстваў. Відавочна, падлічыўшы ўсе дырэктыўныя і ўскосныя датацыі гэтым прадпрыемствам, урад вымушаны быў паведаміць Лукашэнку, што ў варунках, як ён кажа, нармальнага функцыянавання дзяржавы, яны проста не выжывуць. А гэта азначае, што блізу 1,5 млн работнікаў гэтых прадпрыемстваў апынуцца на вуліцы. Такая перспектыва, безумоўна, не на жарт напужала Аляксандра Рыгоравіча, і ад гэтых разумных прапаноў МВФ ён наважыў адмовіцца.

Аднак, крыніц для падтрымання жыцця ў прадпрыемствах-трупах з кожным годам становіцца ўсё менш. Так, сёлета ліміт дырэктыўнага крэдытавання ніжэйшы на траціну, чым у папярэднім. А ў 2018 скароціцца яшчэ амаль удвая. Таму, як правільна заўважыў Лукашэнка, рана ці позна прапановы аб адмове ад датацый для дзяржаўнага сэктара давядзецца рэалізоўваць. Прычым, мяркуючы з усяго, ужо ў самай найбліжэйшай будучыні. Пакуль жа Лукашэнка асуджаны бачыць жахлівыя сны пра 1,5-мільённы натоўп «дармаедаў» на вуліцах Менска ды іншых беларускіх гарадоў. Прычым разумеючы, што сны гэтыя прарочыя.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках