Знішчальнікі ВПС Даніі перахапілі над Балтыкай расейскі Су-34
3- 26.01.2018, 21:57
- 11,355
Для ідэнтыфікацыі самалёта ў паветра былі паднятыя два дацкія F-16.
Знішчальнікі F-16 ВПС Даніі, якія базуюцца на літоўскай авіябазе Шаўляй, падняліся для перахопу расейскага Су-34 у кантраляванай NATO паветранай прасторы ў Балтыйскім рэгіёне.
Пра гэта ў пятніцу, 26 студзеня, паведамляецца на сайце Камандавання аб'яднаных ВПС альянсу, паведамляе lenta.ru.
Напярэдадні, 25 студзеня, радыёлакацыйныя станцыі NATO зафіксавалі рух самалёта, які не пасылаў сігнал транспандэраў, не выходзіў на сувязь з дыспетчарам і не падаваў план палёту. Адзначаецца, што ён ляцеў з кантынентальнай часткі Расеі ў Калінінград, яго маршрут пралягаў над міжнароднымі водамі паблізу паветранай прасторы, якую кантралюе NATO.
Для ідэнтыфікацыі самалёта ў паветра былі паднятыя два дацкія F-16. Пасля завяршэння місіі яны вярнуліся на месца базавання.
9 верасня паведамлялася, што бэльгійскія знішчальнікі F-16 са складу місіі NATO патрулявання паветранай прасторы ў краінах Балтыі суправадзілі ў небе над міжнароднымі водамі Балтыйскага мора два расейскія знішчальнікі Су-27.