Барыс Жаліба: Новы ўказ Лукашэнкі не дапаможа выратаваць калгасы
28- 3.10.2018, 21:45
- 27,761
Эканаміст – пра тое, чым абернецца спроба дыктатара правесці фінансавае "аздараўленне" калгасаў.
Нагадаем, дыктатар Беларусі 2 кастрычніка падпісаў указ №399, якім у тым ліку прадугледжаная бязвыплатная перадача акцый ва ўласнасць кіраўніка ў колькасці не больш за 25% плюс адна акцыя сельскагаспадарчай арганізацыі паводле вынікаў рэалізацыі бізнэс-плана паводле пастановы дыктатара.
Доктар эканамічных навук, прафесар Барыс Жаліба мяркуе, што збольшага такі захад не дапаможа выратаваць калгасы. На думку эксперта, трэба ў корані змяняць сістэму эканамічных стасункаў на вёсцы.
– Гэта пацвярджае практыка вядзення сельскай гаспадаркі развітымі краінамі. Яна грунтуецца на прыватнай уласнасці на зямлю, якой у нас няма, – тлумачыць эканаміст у экспрэс-каментары «Салідарнасці».
Суразмоўца падкрэслівае, што ў Беларусі паспяховых фермераў і гаспадарак такіх, як «Сноў», – адзінкі. Шмат у чым яны дамагаюцца вынікаў за кошт таленавітых кіраўнікоў.
– Гэта не новая ідэя – надзяліць дырэктараў сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемстваў істотнай колькасцю акцый, каб яны атрымлівалі дывідэнды, і гэта стымулявала б іх эфектыўна кіраваць. У нашых рэаліях цяжка ўявіць, як гэта будзе выглядаць.
Барыс Жаліба прызнае, што стымулы ёсць: дывідэнды атрымліваюць паспяховыя прадпрыемствы, якія маюць прыбытак. Эксперт спасылаецца на сусветны досвед: трэба, каб акцыямі валодалі як мага больш працаўнікоў прадпрыемства.
– У свой час Старавойтаў гэта зрабіў у калгасе «Рассвет». Ён быў піянерам.
Эксперт канстатуе: у нашых прадпрыемстваў эфектыўнасць нізкая, мноства нашых акцыянерных таварыстваў (прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў) гадамі не плацяць дывідэнды, паколькі няма з чаго плаціць.
Суразмоўца нагадвае, што кантрольныя пакеты акцый на буйных прадпрыемствах, такіх як «Нафтан», «Белшына», «Гомсельмаш», знаходзяцца ў руках дзяржавы.
– Які стымул гэтым акцыянерным таварыствам выплачваць дывідэнды? – разважае Барыс Жаліба. – Прадпрыемства павінна быць цалкам прыватным, а ў ліку асноўных акцыянераў – не толькі кіраўніцтва, але і супрацоўнікі. Гэта значыць, трэба мяняць сістэму эканамічных стасункаў – рабіць прыватнікамі, рэальнымі ўласнікамі людзей, якія працуюць на зямлі.
Але сістэма застаецца ранейшай, на жаль. Уласнікаў няма. Калгасы і саўгасы кіруюцца зверху – Міністэрствам сельскай гаспадаркі. Сістэма павінна быць выбудаваная так, каб усе ініцыятывы ішлі знізу, каб гаспадаркі былі самадастатковымі і развіваліся за кошт уласных крыніцаў. Што кажа статыстыка – пазбаўцеся дзяржаўных датацыяў – у любых формах (і ў падатковых, і ў крэдытных) – 60% нашых сельгаспрадпрыемстваў стануць стратнымі. Указам "прэзідэнта" не зменіш зацэнтралізаваную сістэму – як у сельскай гаспадарцы, так і ў прамысловасці.