Беларуская царква спыніла служэнне з Канстанцінопалем
64- 5.10.2018, 21:57
- 48,017
Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату выступіў супраць дарэння аўтакефаліі Украінскай царкве.
Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату заклікаў Канстанцінопальскага патрыярха Варфаламея прыпыніць працэс дарэння аўтакефаліі Украінскай царкве і прыпыніў удзел ва ўсіх мерапрыемствах пад старшынствам Усяленскага патрыярха.
Пра гэта заявіў мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павал, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, паведамляе nv.ua са спасылкай на interfax.com.ua.
«Каб неяк ацверазіць гарачыя галовы, была прынятая пастанова прыпыніць наша служэнне з епіскапатам Канстанцінопальскім, прыпыніць наш удзел ва ўсіх мерапрыемствах, дзе старшынствуюць прадстаўнікі Канстанцінопаля», - заявіў экзарх.
З ягоных слоў, працэс падавання Томаса аб аўтакефаліі Украінскай царквы «прымае выразныя формы царкоўнага расколу ўсяго сусветнага праваслаўя» і ён можа стаць самай страшнай падзеяй.
Нагадаем, што Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква падтрымлівае Украіну ў пытанні выдавання Томаса аб аўтакефаліі, і таксама мае намер афіцыйна атрымаць статус аўтакефаліі.
7 верасня Усяленскі патрыярх Варфаламей I прызначыў у Кіеў двух экзархаў у рамках падрыхтоўкі да выдавання аўтакефаліі Украінскай царкве. Расейская праваслаўная царква назвала прызначэнне канстанцінопальскіх экзархаў «уварваннем на сваю кананічную тэрыторыю» і прыстрашыла разрывам еўхарыстычных дачыненняў.
14 верасня Сінод РПЦ прыняў пастанову спыніць удзел у структурах пад старшынством Канстанцінопальскага патрыярхату і памінанне Усяленскага патрыярха Варфаламея падчас набажэнстваў на фоне падрыхтоўкі Фанарам аўтакефаліі Украінскай царквы. Гэта азначае, што Кірыл перастане прамаўляць імя патрыярха Варфаламея падчас літургіі, то ёсць перастане за яго маліцца на галоўным у царкве набажэнстве.
Зверхнік Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхата Філарэт чакае стварэння адзінай памеснай царквы ва Украіне да канца 2018 года. У УПЦ МП ужо заявілі, што не прызнаюць Украінскай праваслаўнай царквы пасля дарэння ёй Томаса ад Усяленскага патрыярха.