16 чэрвеня 2019, Нядзеля, 12:48
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Фядыніч: Хутчэй за ўсё, выконваць абавязкі кіраўніка прафзвязу РЭП будзе Зінаіда Міхнюк

2
ГЕНАДЗЬ ФЯДЫНІЧ

Заўтра адбудзецца пашыранае пасяджэнне Рады прафзвязу РЭП.

22 лістапада адбудзецца пашыранае пасяджэнне Рады незалежнага прафзвязу РЭП, падчас якога вызначаць, хто будзе цяпер кіраваць арганізацыяй. На пастанову суда дзейнаму старшыні прафзвязу РЭП Генадзю Фядынічу забаронена займаць кіроўныя пасады тэрмінам на 5 гадоў.

«Я пакідаю пасаду, іншага выйсця ў мяне няма», - распавёў сайту palitviazni.info Генадзь Фядыніч.

9 лістапада ў Менскім гарадскім судзе лідары прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік абскардзілі прысуд ад 24 жніўня 2018 года, якім іх прызначылі вінаватымі на падставе ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («ухіленне ад выплаты падаткаў у значнай суме»).

Суд Савецкага раёна прысудзіў кіраўнікоў прафзвязу РЭП да 4 гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Пры гэтым Фядынічу і Комліку забаронена займаць кіроўныя пасады тэрмінам на 5 гадоў.

Менскі гарадскі суд пакінуў вырак раённага ў дзеянні.

«Фармальна абмежаванні ў дачыненні да нас пачалі дзейнічаць з моманту непрыняцця апеляцыі, але дакументы павінны спачатку пераслаць ў Савецкі суд, а адтуль паступіць у орган выканання пакаранняў, - кажа Генадзь Фядыніч. - У найбліжэйшыя дні якраз і чакаем, што выклічуць на гутарку з гэтай нагоды. Мабыць, паведамяць, што нам забараняецца, дамо нейкія падпіскі аб выкананні пэўных правіл: графік працы, умовы знаходжання ў выходныя дні па месцы жыхарства. Думаю, праблема будзе нават з выездам за межы горада. Трэба будзе браць адмысловы раз дазвол, адзначацца ў Менску і там, куды прыехаў. А могуць і наогул не дазволіць ехаць у камандзіроўку. Шчыра кажучы, не ведаю, як мы ўсё гэта будзем выконваць».

Фядынічу і Комліку забаронена займаць кіроўныя пасады тэрмінам на 5 гадоў, таму ў арганізацыі плануецца змена лідараў.

«22 лістапада адбудзецца пашыранае пасяджэнне Рады прафзвязу РЭП, а паміж з'ездамі толькі рада можа браць на сябе адказнасць у прыняцці пастаноў, - паведаміў Генадзь Фядыніч. - Там і будзе вызначанае пытанне, хто будзе цяпер кіраваць прафзвязам. У мяне няма іншага выйсця, я не магу, згодна з выракам суда, займаць кіроўныя пасады. Калі буду старшынём, то ўлады могуць ужыць санкцыі і да прафзвязу. Таму цяпер, хутчэй за ўсё, Зінаіда Міхнюк будзе выконваць абавязкі старшыні прафзвязу. Дагэтуль яна была маёй намесніцай і кіраўніцай прафзвязу РЭП у Берасцейскай вобласці.