«На Новы год звычайна атрымліваем скрыню сухароў»
5- 14.12.2018, 21:50
- 18,945
Што беларускія прадпрыемствы дораць сваім работнікам.
Kp.by паглядзеў, чым працадаўцы радуюць падначаленых і пенсіянераў. Прэміі і бясплатныя карпаратывы ў разлік не бяром, толькі натуральная прадукцыя - так прасцей адсачыць вынаходлівасць.
- У нас кожнаму супрацоўніку пару гадоў таму напярэдадні Новага года далі па дзве трохлітровыя банкі таматнага соку, - распавядае мянчук Андрэй. - Сок, вядома, быў смачны, але я спачуваю тым, хто дабіраецца грамадскім транспартам.
На адным з хлебазаводаў Магілёўскай вобласці таксама бяруць маштабамі.
- Пасля Новага года мы вельмі доўга ямо сухары, - распавядае Антаніна. - Таму што наш навагодні падарунак ад прадпрыемства - скрыня сухароў. - З разынкамі, ваніллю, макам і арэхамі - на любы густ.

ФОТА: KURJER.INFO
Ядомыя падарункі даюць і ў будаўнічай арганізацыі ў Наваполацку. Шмат гадоў запар збіраюць розныя прадуктовыя наборы. Тым, хто працуе менш за год, меншыя, усім астатнім - большыя. Пенсіянерам тут да святаў пералічваюць грошы.
- Звычайна гэта слоічак ікры, некалькі відаў каўбасы, сёмга або фарэль, кансерваваныя ананасы, кукуруза, кава, цукеркі. Увогуле-то, усё, чым можна накрыць навагодні стол, - распавялі ў арганізацыі. - Летась падарункі былі на 130 рублёў, сёлета будзе прыблізна такая ж сума.
А вось работнікі дзіцячага садка ў Гомельскай вобласці сваім навагоднім падарункам стол не накрыюць. Тым, хто прапрацаваў у садзе год, уручаюць цукеркі, а астатнім - нічога.
- Кажуць, што сёлета падораць цукеркі на пяць рублёў, - распавядае псіхолаг, якая адпрацавала некалькі месяцаў. - Не ведаю, што можна выбраць на гэтыя грошы. Гэта падарунак для дарослых. Тым, у каго ёсць маленькія дзеці, асобны прэзент. Адгадайце які? Правільна, цукеркі.
Яшчэ ў адной будаўнічай арганізацыі - на гэты раз у Менску - не забываюць пра пенсіянераў і вельмі любяць традыцыі: шмат гадоў запар да ўсіх святаў ім дораць жывога карпа - пяць кіло.
- Магчыма, хто-небудзь з заказчыкаў разлічваецца рыбай, - мяркуе, адкуль такая любоў да карпа пенсіянерка. - Затое ў мы заўсёды дакладна ведаем як мінімум адну страву, якая будзе на навагоднім стале. Ці не адну: у інтэрнэце шмат рэцэптаў па запыце «стравы з рыбы».