Беларускія альпіністы, што зніклі ў гарах Кіргізстана, загінулі
2- 16.08.2026, 19:50
- 4,110
Дрон знайшоў іх целы.
Выратавальная аперацыя на піку Курумды ў Заалайскім хрыбце Кіргізстана, якая доўжылася больш за тыдзень, набліжаецца да завяршэння. Выратавальнікі выявілі целы траіх альпіністаў, сярод якіх двое беларусаў і адзін грамадзянін Літвы. Трагедыя, верагодна, адбылася ў выніку каменепаду або сходу снежна-каменнай масы падчас спуску з вяршыні.
Пра выяўленне целаў сёння паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook Аляксандр Смірноў, які каардынаваў пошукавую аперацыю з боку валанцёраў і блізкіх. Паводле яго слоў, знаходка зроблена з дапамогай беспілотніка ў месцы сходу снежна-каменнай лавіны, непадалёк ад таго месца, дзе днём раней было выяўлена разкінутае па схіле снараджэнне.
«Знаходкі на схіле злучае вяроўка, хлопцы ішлі ў адной звязцы, а ніжэй па схіле за гэтыя дні мы знайшлі рэчы ўсіх траіх. Група не падзялялася, яны былі разам і застаюцца разам. Ніхто не застаўся на схіле адзін», — адзначыў Смірноў.
Паводле папярэдніх звестак, сабраных з дапамогай дронаў, трагедыя пачалася на вышыні каля 5400 метраў. Там зафіксавана зона свежага адрыву масы, ад якой цягнецца след да месца знаходжання целаў. Што менавіта стала прычынай падзення, пакуль не ўдакладняецца.
Інфармацыю пра выяўленне целаў агенцтву БЕЛТА таксама пацвердзіў старшыня Беларускай федэрацыі альпінізму і скалалажання Аляксандр Годлеўскі.
З-за складанага снежна-ледавога рэльефу і небяспекі паўторных каменепадаў выратавальнікі пакуль не могуць спусціцца непасрэдна да загінулых для канчатковага апазнання і эвакуацыі. Лягер выратавальнікаў часова згортваецца праз пагаршэнне надвор'я ў гарах. Аперацыя па спуску целаў будзе планавацца асобна, з улікам бяспекі спецыялістаў.
Збор сродкаў на выратавальную аперацыю, які раней абвяшчалі сваякі, афіцыйна закрыты.