У Пецярбургу прайшлі пікеты супраць расейскай агрэсіі
6- 2.12.2018, 21:48
- 16,879
Замест адной гадзіны пікеты доўжыліся блізу 3 гадзін.
Каб пастаяць з плакатамі, зробленымі па слядах інцыдэнту ў Керчанскай затоцы, на Неўскі праспект прыйшло блізу 50 чалавек. Арганізатар пікетаў, актывістка пецярбуржскай дэмакратычнай арганізацыі "Салідарнасць" Вольга Смірнова мяркуе, што захоп украінскіх маракоў - гэта чарговая спроба Расеі павялічыць зону акупацыі ўкраінскіх тэрыторый. Удзельнікі пікетаў патрабавалі вызваліць і вярнуць на радзіму ўкраінскіх маракоў, вярнуць Украіне яе захопленае маёмасць, спыніць марскую блакаду партоў Украіны ў Азоўскім моры і пакараць вінаватых у захопе ўкраінскіх караблёў, паведамляе "Радыё Свабода".
Украінскія вайсковыя маракі, сярод якіх некалькі параненых, былі дастаўлены пад канвоем з Крыма ў Маскву. Расейскія следчыя дамагаюцца ад іх сведчанняў аб "незаконным перасячэнні мяжы". Гэта абвінавачванне пагражае ім працяглымі тэрмінамі пазбаўлення волі.
Удзельнікі пратэставай акцыі мяркуюць, што ўкраінскім маракам мае быць нададзены статус "ваеннапалонных", але іх судзяць як цывільных асоб, якія ўчынілі крымінальнае злачынства. Актывісты выказвалі абурэнне і дзеяннямі расейскіх вайскоўцаў, якія адкрылі агонь па замежных суднах, якія не пагражалі Расеі.
Падчас пікетавання адна агрэсіўная жанчына напала на актывіста і парвала плакат. З меркаванняў бяспекі актывісты не расцягваліся па Неўскім праспекце, а змянялі адзін аднаго з рознымі плакатамі. У пікетах узялі ўдзел актывісты "Салідарнасці", "Яблыка", "Бестэрміновага пратэсту" ды іншых партый і рухаў. Замест адной гадзіны пікеты доўжыліся блізу 3 гадзін.