Куды малако ўцякло: у Гомелі будуць судзіць 205 рабочых
11- 26.02.2018, 20:45
- 28,774
За рабочых заступіўся прафзвяз РЭП.
28 лютага ў судзе Савецкага раёна Гомеля працягнуцца слуханні распачатай вясной мінулага года гучнай справы паводле пазова былога гармалзавода (цяпер ААТ «Мілкавіта») да 205 сваіх работнікаў аб нястачы малака на суму 141,5 тысячы рублёў. Інтарэсы чатырох рабочых, адказчыкаў у судзе прадстаўляе незалежны прафзвяз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).
Пра маючы адбыцца ў апошні дзень зімы судовы працэс суд апавясціў прававога інспектара незалежнага прафзвязу Леаніда Судаленку, які распавёў сайту «Гомельская Вясна» магчымае развіццё так званай «малочнай» справы.

На думку прафзвязнага юрыста, малочная кампанія відавочна адкліча свае прэтэнзіі да працоўных.
«Пасля прыпынення гэтай справы ў судзе прайшло блізу 10 месяцаў. За гэты час следства так і не назвала канкрэтных вінаватых у такой буйной нястачы на прадпрыемстве. Яшчэ ў кастрычніку мінулага года Савецкі РАУС Гомеля, які праводзіў праверку па заяве работнікаў, сябраў нашага прафзвязу адмовіў у распачынанні крымінальнай справы. Следства заявіла, што віна работнікаў не ўсталяваная, а цяпер нас выклікаюць у суд. Думаю, прадпрыемства будзе адмаўляцца ад сваіх прэтэнзій», - заявіў прававы інспектар прафзвязу.
Прафзвязны юрыст успамінае, як 2 траўня мінулага года кампанія «Мілкавіта» падала ў суд на 205 работнікаў пасля таго, як на прадпрыемстве выявілі знікненне сыравіны больш чым на 140 тысяч рублёў. Кіраўніцтва малочнага завода запатрабавала ўтрымаць з работнікаў, у тым ліку ўжо былых, суму нястачы, прызнаўшы вінаватымі ўсіх матэрыяльна-адказных рабочых.
Справу разглядае суддзя суда Савецкага раёна Гомеля Анатоль Капусцін, першае паседжанне праходзіла не ў будынку суда, а ў актавай зале самой «Мілкавіты», бо ні ў адным судзе няма залы, здольнай змясціць адразу 200 чалавек.
З тых адказчыкаў, якія ўступілі ў наш прафзвяз, вінаватымі сябе ніхто не прызнае. Напрыклад, з грузчыка Васіля Цалко завод патрабуе 1100 рублёў - нібыта на такую суму ён скраў малака. Шкода, якую яму налічылі, перавышае ягоны заробак за два месяцы. Аператар Віталь Паляйчук кажа, што пяцьдзясят цыстэрнаў малака прапала. Хай органы шукаюць, куды малако ўцякло, - заяўляе працоўны.
Прававы інспектар Леанід Судаленка падкрэсліў, што працаўнікі, якія ўступілі ў іх незалежны прафзвяз, знаходзяцца пад абаронай і калі спатрэбіцца, прафзвяз гатовы змагацца за сваіх сябраў да самага канца, нават калі для гэтага спатрэбіцца прайсці да Вярхоўнага суда.