25 красавiка 2024, Чацвер, 12:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гомельскія актывісты змагаюцца за Сож

1
Гомельскія актывісты змагаюцца за Сож

Пад Гомелем у Сож зліваюцца невядомыя адкіды, актывісты б'юць трывогу.

Недалёка ад Сеўрукоў у ваду зліваюцца нейкія адкіды, якія дрэнна пахнуць. Амаль год ніхто не звяртаў на гэта ўвагі, пішуць «Сильные новости».

Рыба з пахам і жоўтыя берагі

Рыбалка — улюбёны занятак многіх гамельчукоў, але ў наш час і яна становіцца часам справай няпростай. То вадаёмы ў прыватную арэнду перададуць і плату з рыбакоў пачынаюць спаганяць, то раптам вада пачынае пахнуць, незразумела чым...

Каля дарогі Гомель-Чонкі праходзіць водны канал, які яднаецца з ракой Сож. Мясцовыя жыхары заўсёды лавілі тут рыбу. Улоў быў нядрэнны — здабывалі шчупака, карася. Але з мінулага года ўсё памянялася — рыба стала дрэнна кляваць, а вада ў канале набыла дзіўны і непрыемны пах. Аналагічныя ўласцівасці з'явіліся і ў рыбы. У канал хтосьці стаў скідаць брудныя адкіды. Гэтай зімой, ледзь толькі выпаў снег, берагі вадаёма афарбаваліся ў шэрагу месцаў у атрутна-жоўты колер.

Тады гамяльчук Пётр Барсук наважыў звярнуцца ў адпаведныя органы. Ён распавядае:

— Спачатку я накіраваўся ў Гомельскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Доўга хадзіў па кабінетах, нарэшце трапіў у патрэбны аддзел, але адтуль мяне адправілі ў абласную інспекцыю прыродных рэсурсаў. На маю ж просьбу правесці ў канале кантрольныя замеры на наяўнасць шкодных рэчываў у цэнтры гігіены мне сказалі: «Калі вы прынесяце нам 15 рыбін і заплаціце 45 рублёў, мы вам зробім такі аналіз». Пасля гэтага гамяльчук напісаў пісьмовую заяву ў Гомельскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Праз некалькі дзён Пятру патэлефанавалі з абласнога камітэта і прапанавалі разам з ягонымі спецыялістамі выехаць на месца. Праўда, на сустрэчную прапанову гамельчука ўзяць з сабой прадстаўнікоў Беларускай партыі «Зялёныя» ў камітэце не пагадзіліся, спасылаючыся на адсутнасць месцаў у аўтамабілі.

Лекцыя аб чыстай вадзе

Пётр Барсук кажа, што ён паказаў спецыялістам камітэта канал. Яшчэ заставаліся, нягледзячы на моцны снегапад, сляды забруджвання на берагах. Раней мясцовыя жыхары грашылі на тое, што рэшткі ГЗМ злівае ў вадаём размешчаная побач аўтазаправачная станцыя. Але спецыялісты пераканаўча давялі, што запраўка тут не пры чым. Са слоў работнікаў абласнога камітэта, дарагія замеры якасці вады яны праводзяць толькі ў планавым рэжыме.

Пётр кажа:

— На зваротнай дарозе мне прачыталі цікавую лекцыю аб чысціні вады. Напрыклад, я даведаўся, што нават ад забруджвання нафтапрадуктамі яе цяпер могуць чысціць спецыяльна запушчаныя мікраарганізмы. А яшчэ аб тым, што пітная вада, прапушчаная праз фільтры, губляе многія свае карысныя ўласцівасці. Так што можна піць гомельскую ваду проста з крана. Або карыстацца так званым «Збанам». Аднак устанавіць крыніцу забруджвання нам адразу не ўдалося.

Актывісты Гомельскай арганізацыі Беларускай партыі «Зялёныя» пасля атрымання інфармацыі аб падазроным забруджванні таксама звярнуліся ў Гомельскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Спецыялісты камітэта патлумачылі сітуацыю — непадалёк ад Сеўрукоў знаходзіцца досыць глыбокая меліярацыйная сетка паніжэння вод. Сцёкавыя воды ад аўтазапраўкі ў яе сапраўды скідаюцца. Аднак прычын для турботы няма — на АЗС «Беларусьнафта» маецца адпаведны дазвол і ачышчальныя збудаванні. Паводле звестак дзяржаўнай экалагічнай службы, нафталоўныя касеты на запраўцы змяняюцца рэгулярна. Штоквартальна тут ажыццяўляецца лабараторны кантроль. Аднак паводле існых нарматываў абласны камітэт абавязаны сачыць толькі за ракой Сож, сцёкавымі і павярхоўнымі водамі.

Меліярацыйная сістэма да іх кампетэнцыі не належыць. Што тычыцца іржава-жоўтых плям берагоў, то магчыма, што адной з прычын іх утварэння з'яўляецца адміранне і раскладанне расліннасці?

«Зялёныя», у сваю чаргу, адзначылі, што яшчэ нядаўна ніякіх «натуральных» арганічных плям і пахаў на канале не назіралася, сітуацыя з рыбай таксама была нармальнай. Таму ў абласным камітэце паабяцалі дадаткова вывучыць сітуацыю.

На днях гамяльчук атрымаў афіцыйны адказ Гомельскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Яго спецыялісты правялі шэраг новых абследаванняў і ўстанавілі — «несанкцыянаваныя» скіды ў канал сапраўды ёсць. Былі выяўленыя сцёкі ў канал, які яднаецца з Сожам, з калектара аднаго з гомельскіх камунальных прадпрыемстваў. Гэта адбываецца ў выніку парушэння герметычнасці калектара. Супрацоўнікі камітэта ўзялі пробы вады ў канале і ў рацэ Сож на гэтай дзялянцы. Цяпер вядецца іх даследаванне.

З гэтай нагоды прайшла адмысловая нарада з удзелам прадстаўнікоў КВУП «Гомельводаканал», КАУП «ГорСАП» і УКБ горада Гомеля. Быў прыняты шэраг пастаноў аб аналізе прычын несанкцыянаванага паступлення сцёкавых вод і захадаў да іх ліквідацыі.

Такім чынам, грамадзянская актыўнасць гамельчукоў, відавочна, чарговым разам дапаможа абараніць правы жыхароў горада на бяспечнае навакольнае асяроддзе. А наш Сож, магчыма, калі-небудзь верне сабе статус адной з самых чыстых рэк Еўропы...

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках