У рэзідэнцыі Макрона прайшлі вобшукі
- 23.05.2026, 2:57
Следчыя змаглі трапіць у памяшканне толькі з другой спробы.
У Елісейскім палацы правялі вобшукі з-за справы аб фінансавых махінацыях пры арганізацыі дзяржаўных пахаванняў выбітных дзеячаў у Пантеоне.
Пра гэта паведамляе BFMTV.
Судовае расследаванне адкрылі яшчэ ў кастрычніку 2025 года. Следства правярае магчымыя факты карупцыі, фаварытызму, незаконнага атрымання выгоды і злоўжывання ўплывам.
У прыватнасці, праваахоўнікі высвятляюць умовы, пры якіх Цэнтр нацыянальных помнікаў (CMN) удзяляў дзяржкантракты на арганізацыю ўрачыстых цырымоній.
У поле зроку апынулася кампанія Shortcut Events, якая супрацоўнічала з дзяржаўнымі структурамі на працягу 22 гадоў. Паводле звестак СМІ, правядзенне кожнай такой цырымоніі каштавала бюджэту каля 2 мільёнаў еўра.
Следчыя змаглі трапіць у рэзідэнцыю прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона толькі з другой спробы пасля працяглых «інстытуцыйных перамоў» паміж пракуратурай і Елісейскім палацам.
Падчас першай спробы вобшуку 14 красавіка адміністрацыя Макрона адмовіла праваахоўнікам у доступе. Тады чыноўнікі спаслаліся на артыкул 67 Канстытуцыі Францыі, які гарантуе недатыкальнасць рэзідэнцыі кіраўніка дзяржавы і вызваляе прэзідэнта ад крымінальнай адказнасці і абавязку сведчыць падчас кадэнцыі.
Варта адзначыць, што гэта першы вобшук у рэзідэнцыі французскага прэзідэнта за апошнія восем гадоў. Папярэдні падобны інцыдэнт адбыўся ў 2018 годзе ў межах «справы Беналы», якая была звязаная са збіццём дэманстранта былым дарадцам Макрона.