Незалежны журналіст абскардзіў вялікі штраф
2- 9.03.2018, 11:50
- 10,090
ФОТА: «Радыё Свабода»
Справу будзе разглядаць абласны суд Гомеля.
9 сакавіка журналіст-фрылансер з Гомеля Андрэй Толчын аспрэчыў у абласным судзе пастанову суддзі Калінкавіцкага раёна Святланы Кугейкі, якая 28 лютага прыцягнула яго за супрацоўніцтва з незалежным тэлеканалам «Белсат» да адміністрацыйнага штрафу на 40 базавых адзінак (980 рублёў), паведамляе «Гомельская вясна».
Суд прызнаў журналіста вінаватым паводле арт.22.9 КоАП ч.2 («незаконны выраб і распаўсюджванне прадукцыі СМІ»).
«27 снежня 2017 года, знаходзячыся каля дома №1 на вуліцы Шлыкава ў вёсцы Каплічах Калінкавіцкага раёна, быўшы неакрэдытаваным у якасці журналіста замежнага СМІ, незаконна вырабіў інфармацыйны матэрыял, а менавіта, відэасюжэт пад назвай «Выбары 2018. Аграгарадок паўстаў супраць ўлады», які пасля быў прадэманстраваны польскім тэлеканалам «Белсат» - да такой высновы прыйшла раённая суддзя.
Юрыст Леанід Судаленка, які дапамагае журналістам абскардзіць штрафы, кажа, што суддзя пры разглядзе справы ўзяў на сябе адказнасць за невыкананне артыкулаў 23 і 34 Канстытуцыі і артыкулу 19 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
«Права на свабоду атрымання і распаўсюджвання інфармацыі можа падлягаць пэўным абмежаванням, аднак яны павінны быць не толькі прадугледжаны законам, але і з'яўляцца неабходнымі ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. Абмяжоўваючы правы журналіста, суд не змог прадэманстраваць, для дасягнення якой з пералічаных мэт ён прыцягвае яго да адказнасці», - падкрэсліў экспэрт.
Сёлета гэта ўжо другі вялікі штраф журналісту-фрылансеру Андрэю Толчыну за супрацоўніцтва з «Белсатам». 18 студзеня суд Светлагорскага раёна прыцягнуў яго да адказнасці на 45 базавых адзінак штрафу (1102 рублі).