Перамога актывістаў: Будоўлю забаўляльнага цэнтра каля Свіслачы скасавалі
5- 29.04.2018, 21:46
- 12,135
Будоўлю спынілі дзякуючы пратэстам мясцовых жыхароў і актывістаў.
Каля гатэля «Беларусь» планавалі пабудаваць шматфункцыянальны моладзевы забаўляльны цэнтр, але праект выклікаў пратэсты мясцовых жыхароў і актывістаў. Пазней стала вядома, што будоўля скасаваная, таму што не прайшла экалагічную экспертызу, паведамляе The Village Беларусь.
У пачатку гэтага года з'явілася інфармацыя пра тое, што непадалёк ад Свіслачы, на вуліцы Старажоўская, 11 запланаванае будаўніцтва моладзевага забаўляльнага цэнтра. Заказчыкам выступаў ЗАТ «Камкон».
Улады тлумачылі пабудову «пашырэннем культурна-забаўляльнай сферы Менска, павелічэннем колькасці працоўных месцаў, развіццём турыстычнай інфраструктуры, садзейнічаннем занятасці насельніцтва ў раёне і павышэннем якасці яго жыцця».
Планавалася ўзвесці моладзевы забаўляльны цэнтр агульнай плошчай 17 602 квадратных метраў на чатыры паверхі з падземным паркінгам. Унутры павінны былі размясціцца шматзальны кінатэатр, рэстарацыя з танцпляцоўкай, летняя кавярня, більярд, канферэнц-зала, крама друкаванай прадукцыі, зона продажу сувеніраў, выставачныя залы, адміністрацыйныя памяшканні, падземны паркінг і памяшканні тэхнічнага і дапаможнага прызначэння.
Мясцовыя жыхары і гарадскія актывісты выступілі рэзка супраць забудовы ў водна-зялёным дыяметры. Агучвалася пагаршэнне прыроднага асяроддзя, павелічэнне транспартнай плыні і іншыя мінусы, якія будуць выкліканы з'яўленнем забаўляльнага цэнтра ў паркавай зоне.
Сёння нам стала вядома, што забудовы не будзе. Кіраўнік праекта «Горад для гараджан» Дзяніс Кобрусеў паведаміў, што праект не прайшоў дзяржаўную экалагічную экспертызу, а выяўленыя парушэнні, апынуліся сапраўды сур'ёзнымі парушэннямі і перашкодай будаўніцтву.
Экспертыза праводзілася «Рэспубліканскім цэнтрам дзяржаўнай экалагічнай экспертызы і павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў» Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.