Адкопваюць аўто рыдлёўкамі: Як беларусы вясной ездзяць на працу
5- 7.04.2018, 21:24
- 16,565
Каб дабрацца на працу на аўто, жыхару вёскі Экімань давялося папрацаваць.
Як толькі прыгрэла вясновае сонейка, беларусы, якія жывуць на перыферыі, актыўна пачалі дзяліцца ў сацсетках фатаграфіямі тапельцаў у гразі дарог, піша kp.by.
Напрыклад, у вёсцы Экімань Полацкага раёна, каб паехаць на працу, трэба ўзброіцца рыдлёўкай і час ад часу выкопваць захраслы ў гразі аўтамабіль. Калі рыдлёўка не дапамагае, на дапамогу прыходзіць трактар.
Аўтамабіль Аляксея Багдановіча заграз стаяў упоперак вуліцы 1 Мая ў Докшыцах некалькі гадзін, пакуль на дапамогу да мужчыны не прыехалі сябры.
- Захрасае тут другі дзень запар. Учора бацька выцягнуў, а сёння ў яго не атрымалася. Гэта пад 12 гадзін было, патэлефанавалі адразу ж у ЖКГ, але да вечара ніхто так і не прыехаў, - расказвае Аляксей. - У нас кожную вясну так, пешшу хадзіць можна ля агароджаў, там каля метра нармальнай зямлі застаецца. А на аўто не праедзеш. Ды і пешшу праз вуліцу страшна пераходзіць, гразь зыбаецца пад нагамі, як быццам ідзеш па балоце.
Праваабаронца Кастусь Шыталь адправіў у Докшыцкі райвыканкам запыт з патрабаваннем разабрацца ў сітуацыі і адрамантаваць дарожнае пакрыццё.
Надоечы ў сацыяльных сетках гучнае абмеркаванне выклікала фота міліцэйскага аўтамабіля, які трапіў у напоўненую вадой яму ў мікрараёне Грамы ў Полацку.