ЗША выйшлі з ядзернай угоды з Іранам
6- 8.05.2018, 21:30
- 21,781
Трамп абвясціў пра выхад з ядзернай угоды з Іранам і ўвёў санкцыі.
Дональд Трамп абвясціў пра выхад ЗША з пагаднення аб ядзернай праграме Ірана. Ён уводзіць санкцыі супраць Тэгерана і яго партнёраў.
«Я абвяшчаю сёння, што ЗША выйдуць з ядзернай угоды. Найбліжэйшым часам я падпішу ўказ аб зваротным увядзенні санкцый супраць рэжыму. Мы ўвядзём эканамічныя санкцыі супраць Ірана на вышэйшым узроўні», - заявіў Трамп, выступаючы ў Белым доме. Трансляцыю яго выступу вёў тэлеканал CNN, паведамляе РБК.
Ядзернае пагадненне, вядомае як Сумесны ўсёабдымны план дзеянняў (СУПД), быў падпісаны ў 2015 годзе Іранам і «Групай шасці» (Расеяй, Вялікабрытаніяй, Кітаем, ЗША, Францыяй і Нямеччынай). У адпаведнасці з ім Іран абавязаўся абмежаваць сваю ядзерную праграму ў абмен на скасаванне міжнародных санкцый, уведзеных супраць яго да падпісання СУПД.
Пра захаванне або скасаванне замарозкі санкцый супраць Ірана Трамп павінен быў абвясціць 12 траўня. Тым не менш амерыканскі прэзідэнт у панядзелак, 7 траўня, заявіў, што ўжо гатовы агучыць сваю пастанову па далейшаму ўдзелу ЗША ў ядзернай угодзе з Тэгеранам, якую ён крытыкаваў яшчэ падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі, называючы яе «жахлівай» і «адной з горшых» за ўсю гісторыю.
У дзень прыняцця пастановы Трамп па тэлефоне пагаварыў з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам і старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Абодва яго суразмоўцы з'яўляюцца прыхільнікамі захавання пагаднення. Аднак Макрону Трамп праз тэлефон паведаміў пра свой намер выйсці з яго, паведаміла крыніца The New York Times. Хоць пазней прадстаўнікі Макрона зняпраўдзілі Reuters інфармацыю амерыканскага выдання.
У апошнія тыдні лёс пагаднення з Іранам стаў галоўным пытаннем для абмеркавання падчас візітаў еўрапейскіх лідараў і дыпламатаў у ЗША. Візіцёры з Лондана, Парыжа і Бэрліна ўгаворвалі Вашынгтон не выходзіць з угоды, папярэджвалі пра небяспеку яе разрыву, улічваючы адсутнасць альтэрнатыўнай стратэгіі ў стрымліванні іранскай ядзернай праграмы.
Нягледзячы на імкненне захаваць угоду з Іранам, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель і міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Барыс Джонсан прызнавалі недахопы дзейнага пагаднення: яно не ахоплівае шэраг пытанняў, што трывожаць Захад - ракетную праграму Ірана, яго палітыку на Блізкім Усходзе, дзе Тэгеран падтрымлівае шыіцкія ўзброеныя фармаванні. Для ўрэгулявання гэтых пытанняў Макрон і Мэркель сышліся ў меркаванні пра неабходнасць распрацоўкі дадатковага пагаднення, супраць чаго катэгарычна выступае Іран.