Фотарэпартаж: У свеце адзначаюць дзень летняга сонцастаяння
- 21.06.2018, 20:51
- 9,229
Некаторыя сустракаюць узыход у Стоўнхэнджы на поўдні Англіі, іншыя акунаюцца ў палонку ў Антарктыдзе.
Людзі ўсяго свету адзначаюць 21 чэрвеня дзень летняга сонцастаяння - надыход самага доўгага дня або ночы, у залежнасці ад паўшар'я, у якім знаходзяцца, піша ВВС.
Робяць яны гэта па-рознаму - сустракаюць узыход ў Стоўнхэнджы на поўдні Англіі ці акунаюцца ў палонку ў Антарктыдзе.

Блізу 9 з паловай тысяч чалавек сабраліся сёлета ў Стоўнхэнджы, каб прысутнічаць пры пачатку самага доўгага дня ў годзе над гэтым неалітычным збудаваннем.

Кожны год сюды прыбываюць тысячы паслядоўнікаў разнастайных культаў і сектаў - ад хіпі да друідаў, каб адзначыць летняе сонцастаянне. На іх перакананне, у гэтым месцы са старажытных часоў адзначалася гэта галоўнае свята года.



Непадалёк ад Стоўнхэнджа, у неалітычнага комплексу ў Эўбюры ў Уілтшыры, таксама адзначаюць гэты дзень. Збудаванне ўнесенае ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.



Кола агляду «Лонданскае вока» адкрылася рана раніцай, каб наведвальнікі маглі сустрэць світанак гэтага дня, пазіраючы на сталіцу з вышыні.

У Антарктыдзе сябры Аўстралійскай антарктычнай станцыі адзначылі дзень сонцастаяння традыцыйна - у тоўстым лёдзе высеклі палонку, у якую акунаюцца моцныя духам людзі.

Цяпер у паўднёвым паўшар'і дні пачнуць дадавацца і палярная ноч будзе станавіцца ўсё карацейшай.


У Канберы, сталіцы Аўстраліі, на возеры Берліё-Грыфін у дзень зімовага раўнадзенства традыцыйна праводзіцца масавы заплыў нудыстаў. Світанак быў адзначаны гукамі дуды.

