22 лiстапада 2018, Чацвер, 0:12
Падтрымайце сайт «Хартыя-97»
Рубрыкі

Перамога прафесійнага звязу РЭП: Маладому спецыялісту з Гомеля выплацяць заробак за 1,5 года

4
АРЦЁМ КАСІЛАЎ

Абласны суд паставіў кропку ў справе маладога спецыяліста.

12 ліпеня судовая калегія грамадзянскіх справаў Гомельскага абласнога суда паставіла кропку (у справе маладога спецыяліста) – афіцыянта Арцёма Касілава, якому пастановай суда працадаўца абавязаны выплаціць сярэдні заробак за час вымушанага прагулу цягам паўтара года, паведамляе гомельская «Вясна».

Пастанова суда Савецкага раёна Гомеля на ягоную карысць сёння пачала законнае дзеянне.

Інтарэсы Арцёма Касілава ў касацыйнай інстанцыі абласнога суда прадстаўляў прававы інспектар працы незалежнага прафзвязу РЭП Гомельскай вобласці Леанід Судаленка.

Прафзвязны юрыст адзначае, што ў гэтай справе яны змагаліся нават не за грошы. Галоўнай задачай з'яўлялася зняцце матэрыяльных прэтэнзій установы адукацыі, дзе чалец прафзвязу атрымаў працоўную спецыяльнасць.

"2 красавіка суд першай інстанцыі пазбавіў маладога спецыяліста ад неабходнасці вяртаць каледжу сродкі за навучанне, абавязаўшы яго наймальніка выправіць запіс у працоўнай кніжцы такім чынам, што ён усё ж такі адпрацаваў размеркаванне. Прыватнік не пагадзіўся з пастановай суда, наняў адваката і падаў касацыю, якая сёння пацвердзіла першапачатковую пастанову» – адзначыў прафзвязны юрыст.

Ён таксама дадаў, што практыка прафзвязу ведала выпадкі спагнання сярэдняга заробку за час вымушанага прагулу за 11 месяцаў. Цяпер практыка палепшаная: судовая калегія пацвердзіла правільнасць спагнання сярэдняга заробку на карысць працоўнага за вымушаны прагул цягам паўтара года (19 месяцаў або 600 дзён).