Самае доўгае зацьменне стагоддзя (Відэа, онлайн)
12- 27.07.2018, 22:55
- 29,591
Сёння - рэкордна працяглае месячнае зацьменне, яго поўная фаза доўжыцца больш за сто хвілін.
Для тых, хто не можа сам назіраць рэдкую з'яву, прапануем паглядзець онлайн-трансляцыю гэтай падзеі.
Храналогія зацьмення:
22.30 - пачатак поўнага месячнага зацьмення (Месяц цалкам пагрузіцца ў цень Зямлі);
23.22 - максімум месячнага зацьмення (Месяц бліжэй за ўсё да цэнтра зямнога ценю);
00.13 - заканчэнне поўнай фазы зацьмення (Месяц пачне выходзіць з ценю Зямлі);
01.19 - заканчэння зацьмення (Месяц цалкам выйдзе з зямнога ценю);
02.29 - заканчэнне паўценявага месячнага зацьмення (цень спадарожніка зноў стане звычайным).
Калі ў вашым рэгіёне яснае надвор'е, вы можаце ўбачыць зацьменне на свае вочы. У момант максімальнай фазы зацьмення Месяц трэба шукаць у паўднёва-ўсходняй частцы неба ў сузор'і Казярога за 14 градусаў над гарызонтам, піша tut.by.
Звярніце ўвагу яшчэ і на Марс, ён бачны на 6-7 градусаў ніжэй за Месяц ля паўднёвага гарызонту. Чырвоная планета сёння знаходзіцца ў Вялікім супрацьстаянні з Сонцам і на рэкордна блізкай адлегласці да Зямлі. Дзякуючы гэтаму яна ззяе на небе як вельмі яркая зорка, саступаючы ў яркасці толькі Венеры.
Нагадаем, зацьменне 27 ліпеня - самае працяглае ў XXI стагоддзі: яго поўная фаза доўжыцца блізу 103 хвілін. Усё праз тое, што цэнтр Месяца падабраўся амаль да самога цэнтру зямнога ценю. Да таго ж у момант зацьмення спадарожнік будзе знаходзіцца паблізу апагею сваёй арбіты - максімальна выдаленага пункту ў дачыненні да Зямлі.