28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У «таёжным саюзе» зробяць роўнымі акцызы на цыгарэты

2
У «таёжным саюзе» зробяць роўнымі акцызы на цыгарэты

Беларусь была асноўнай супраціўніцай новага пагаднення.

Да 1 лютага 2019 года дзяржавы-чальцы Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС; уваходзяць Расея, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан) могуць узгадніць праекты пагадненняў аб прынцыпах вядзення падатковай палітыкі ў галіне акцызаў на алкагольную і тытунёвую прадукцыю, паведамляе РБК.

Згодна з распараджэннем па выніках Еўразійскага міжурадавага савета, які адбыўся ў канцы лістапада 2018 года (копія дакумента ёсць у распараджэнні РБК), чальцы Саюза павінны прадугледзець, што з 2024 года пры разліку лакальных ставак акцызу на цыгарэты яны зыходзяць з індыкатыўнай стаўкі €35 за 1 тысячу цыгарэт (сярэдняе значэнне, ад якога можа адштурхоўвацца краіна пры вызначэнні свайго акцызу) з адхіленнямі не больш за 20% як ў большы, так і ў меншы бок. Як паведамілі РБК у прэс-службе Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК), чальцы Саюза дасягнулі такога пагаднення ўпершыню.

Якая імавернасць гарманізацыі акцызу на тэрыторыі Саюза, і як гэта адаб'ецца на нелегальным гандлі тытунём, разбіраўся РБК.

Удзельнікі Саюза дасягнулі згоды

Перамоўны працэс аб пытанні гарманізацыі ставак акцызаў пачаўся яшчэ ў 2012 годзе: гэты пункт быў уключаны ў артыкул 71 Дамовы аб ЕАЭС, пасля чаго краіны прыступілі да распрацоўкі праектаў пагадненняў. Але ўсе гэтыя гады заставалася неразгледжаным пытанне пра дыяпазон адхіленняў ад індыкатыўнай стаўкі, асабліва для катэгорыі самых танных цыгарэт.

Дзяржавы ЕАЭС упершыню прыйшлі да кампрамісу аб пагадненні аб падатковай палітыцы ў галіне акцызаў, падкрэсліваюць у ЕЭК. Да лістападаўскага міжурадавага савета ў Менску паміж краінамі заставалася адная супярэчнасць, якая была ў сказе пра вылучэнне цыгарэт нізкакоштавай групы ў асобную катэгорыю, але ён быў ліквідаваны. Са слоў міністра эканоміцы і фінансавай палітыкі ЕЭК Цімура Жаксылыкава, праекты пагадненняў аб прынцыпах вядзення падатковай палітыкі ў галіне акцызаў на алкагольную і тытунёвую прадукцыю ўхваленыя і накіраваны для правядзення ўнутрыдзяржаўнага ўзгаднення да 1 лютага 2019 года. Далей у першым квартале 2019 года дапрацаваныя праекты пагадненняў плануюцца да ўнясення на раду камісіі для ўнутрыдзяржаўных працэдур і далейшага падпісання, удакладніў ён.

«Цяпер ідзе ўнутрыдзяржаўнае ўзгадненне, — пацвердзілі РБК ў прэс-службе Мінфіна. - Міністэрства накіравала пагадненне ва ўсе зацікаўленыя ведамствы на разгляд, таму пакуль заўчасна казаць пра пазіцыю расейскай стараны ў гэтым пагадненні. Пытанне прапрацоўваецца».

Якая цяпер розніца ў акцызах

У Расеі з 1 студзеня 2019 года стаўка акцызу на цыгарэты і папяросы падвысілася на 10,01% і склала 1,89 тысяч расейскіх рублёў за тысячу штук (плюс 14,5% разліковага кошту, вылічаецца зыходзячы з максімальнага раздробнага кошту, але не менш за 2,568 тысяч расейскіх рублёў за тысячу штук). Для параўнання: у Беларусі - гэта прыкладна € 3-23 за тысячу штук (у залежнасці ад коштавай катэгорыі цыгарэт, рост акцызаў на 2019 год склаў 15%), Казахстане - €21, Кіргізіі - €16, Арменіі — €15. Праз больш высокія акцызы цыгарэты ў Расеі каштуюць у паўтара-два разы даражэй, чым у партнёраў з Мытнага саюзу: калі ў Беларусі пачак каштуе ў сярэднім 32 расейскія рублі, у Арменіі - 50 расейскіх рублёў, а ў Кіргізіі - 53 расейскія рублі, то ў Расеі-105 расейскіх рублёў, тлумачыць дырэктарка ў прававых пытаннях і знешнекарпаратыўных сувязях «БАТ Расея» Яна Гуськова.

Як розніца ў акцызах уплывае на нелегальны рынак

Гарманізацыя ставак акцызу на тытунёвую прадукцыю некалькі гадоў абмяркоўваецца ўрадамі ЕАЭС, і тое, што прэм'ер-міністры пяці краін дасягнулі дамоўленасці аб прынцыповых пунктах праекта пагаднення, з'яўляецца найважнейшым крокам у гэтым кірунку, мяркуе віцэ-прэзідэнт JTI у карпаратыўных дачыненнях і камунікацыях у Расеі Сяргей Галаўко.

Асноўным супраціўнікам гарманізацыі стаўкі акцызу на тэрыторыі ЕАЭС была Беларусь, распавядае галоўны рэдактар агенцтва «Рускі тытунь» Максім Каралёў: у краіне цыгарэты дзеляцца на тры коштавыя катэгорыі, для кожнай з якіх дзейнічае свая акцызная стаўка. Са слоў экспэрта, больш за 80% вытворчасці ў краіне прыпадае менавіта на нізкакоштавы сегмент, для якога дзейнічае нязначная стаўка акцызу, што дазваляе Беларусі пастаўляць сваю прадукцыю ў Расею і Еўропу самымі канкурэнтнымі коштамі, бо беларуская старана намагае на выдзяленні цыгарэт першай коштавай групы. Найбуйнейшая ў краіне тытунёвая фабрыка «Нёман» у Гародні з'яўляецца дзяржаўнай, таму гарманізацыя акцызаў Беларусі невыгодная, нагадаў Каралёў.

Цыгарэты, нелегальна ўвезеныя з ЕАЭС, складаюць значную частку тытунёвай прадукцыі, якая прадаецца ў Расеі без выплаты падаткаў у дзяржаўны бюджэт, кажа дырэктарка ў карпаратыўных і юрыдычных пытаннях «Імперыял табака» Ілона Міртава. Разрыў у кошце пачку цыгарэт, легальна вырабленага ў Расеі, і пачку, нелегальна ўвезенага з краін Мытнага саюза, настолькі вялікі, што стаў адным з асноўных драйвераў нелегальнага гандлю тытунёвымі вырабамі ў Расеі, патлумачыла яна.

Гэта пацвярджаюць і звесткі апошняй штогадовай справаздачы аб росце нелегальнага рынку цыгарэт, які ў гэтым годзе падрыхтавала кампанія Nielsen. Дзель кантрафакту і кантрабанды за год падвоілася: у трэцім квартале 2018 года яна склала 8,4% ад агульнага аб'ёму рынку ў параўнанні з 4,5% у ліпені-верасні 2017 года.

«Двухразовы рост нелегальнага рынку абумоўлены ростам прытоку больш танных цыгарэт з краін ЕАЭС (Беларусі, Арменіі, Кыргызстана і Казахстана) і далёкага замежжа, а таксама імклівым распаўсюджваннем нелегальнай прадукцыі, якая знаходзіцца ў абарачэнні без акцызнай маркі або з падазронай акцызнай маркай, уключаючы цыгарэты, на якіх не пазначаны ні адрас вытворчасці, ні найменне вытворцы. Дзель такіх цыгарэт за год вырасла практычна ўтрая», - адзначаецца ў даследаванні Nielsen. Аналітыкі заўважылі хуткі рост дзелі нелегальных цыгарэт на тэрыторыях, якія прымыкаюць да межаў з Беларуссю і Казахстанам, дзе кошты тытунёвай прадукцыі значна ніжэйшыя за расейскія.

Амаль трэць усёй нелегальнай прадукцыі ў Расеі - гэта беларускія цыгарэты, нагадвае Гуськова, і пакуль розніца ў акцызах з краінамі ЕАЭС застаецца высокай, шэры сектар будзе працягваць расці.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках