Бальная зала Трампа ў Белым доме — замаскіраваная крэпасць
2- 21.05.2026, 16:42
- 1,004
Аб’ект ужо паглыбляецца на шэсць паверхаў пад зямлю.
Новая бальная зала прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пры Белым доме аказалася куды больш маштабным праектам, чым меркавалася. Пад выглядам шыкоўнага комплексу для прыёмаў у Вашынгтоне будуюць фактычна падземную крэпасць з вайсковай інфраструктурай, сістэмай супрацьпаветранай абароны і ўласным «дронным шчытом», паведамляе TWZ (пераклад — сайт Charter97.org).
Паводле слоў Трампа, аб’ект ужо паглыбляецца на шэсць паверхаў пад зямлю. Пад новым будынкам размесцяцца вайсковы шпіталь, абароненыя камандныя пункты, даследчыя памяшканні і камунікацыйныя цэнтры. Прэзідэнт ЗША наўпрост заявіў, што падземная частка «нашмат складаней, чым верхняя».
Сама бальная зала стане толькі знешняй абалонкай велізарнага абароненага комплексу. Праект уключае абарону ад ракет і дронаў, узмоцненыя канструкцыі і спецыяльныя пазіцыі для снайпераў. Але галоўны элемент — дах будынка. Менавіта там, паводле слоў Трампа, з’явіцца «найвялікшая дронная імперыя», якая будзе абараняць Вашынгтон.
Ідзе гаворка пра паўнавартасную сістэму супрацьпаветранай абароны новага пакалення. На даху могуць размясціць дроны-перахопнікі, сродкі радыёэлектроннай барацьбы і нават ракетныя комплексы. Эксперты лічаць, што аб’ект стане галоўным вузлом абароны сталіцы ЗША ад атак беспілотнікаў.
Кошт праекта ацэньваецца прыблізна ў 400 мільёнаў долараў, хоць Белы дом ужо запытаў у Кангрэса дадатковае фінансаванне на бяспеку комплексу.
Фармальна гэта па-ранейшаму «бальная зала». Але ўсё больш дэталяў указвае на іншае: адміністрацыя Трампа будуе адзін з самых абароненых аб’ектаў у Амерыцы — пад прыкрыццём шыкоўнай архітэктуры і афіцыйных прыёмаў.