П'яны бяспраўнік «ляцеў» па М10 з хуткасцю 199 км/г і ўрэзаўся ў легкавік
9- 25.01.2019, 19:45
- 22,990
63-гадовая жанчына загінула ў выніку ДТЗ на трасе М10 «Кобрын-Гомель-мяжа РФ».
Пра гэта паведамляе прэс-служба УУС Берасцейскага аблвыканкама.
Аварыя здарылася 25 студзеня а 12.20. Жыхар Лунінецкага раёна на Peugeot 407 ехаў па трасе М10 у кірунку Кобрына. На 333 кіламетры пры ўздыме на мост ён не выбраў бяспечную хуткасць руху і ўрэзаўся ў спадарожны Peugeot 607.
У аварыі загінула 63-гадовая жанчына, якая ехала на пярэднім пасажырскім сядзенні Peugeot 407.
Як высветлілася падчас праверкі, за 500 метраў ад месца ДТЗ мабільная камера хуткасці зафіксавала, што Peugeot 407 ехаў з хуткасцю 199 км/г. Кіроўца аўтамабіля пасведчання кіроўцы не мае. У 2009-м яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за «п'яную язду». Агляд паказаў, што на момант ДТЗ ён таксама быў п'яны.
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу.