«Лукашэнка загнаны ў кут і бачыць сваю столю»
2- 20.09.2026, 9:57
- 3,218
Захад будзе прытрымлівацца санкцыйнага курсу ў дачыненні да дыктатара.
Гісторык і палітолаг Роза Турарбекава напісала пра тое, чаму вызваляць палітвязняў будзе ўсё цяжэй і як гэта залежыць ад вайны ва Украіне:
— Вызваленне палітвязняў, як і ўвогуле аднаўленне перамоваў, — гэта добра. Кепска, што выпусцілі толькі 25, а не 200–300, як было абяцана. Не буду тут ёрнічаць. Але хацелася б адзначыць, што цяжкасці ў перамовным працэсе заканамерныя.
У чым тут заканамернасць? У тым, што санкцый для торгу ўсё менш, а палітвязняў вельмі шмат. Ідзе торг, цалкам адкрыта. Такая рэальнасць перамоваў. Такі метад. Торг, дарэчы, самы распаўсюджаны метад пры жорсткіх перамовах з дыктатарамі або калі дзеляць уладу.
Дык чаму ж узнікаюць цяжкасці? Пакет узаемных саступак малы, а абмежаванняў шмат. Столь амаль дасягнутая. Гэта не віна Коула, што працэс вызвалення не прыводзіць да спынення рэпрэсій. Таму што ён бачыць сваю місію ў вызваленні, а не ў прадухіленні. Апошняе ён спрабуе агучваць, але сустрэчнага разумення няма.
Што ж добрага ў апошнім вызваленні? А тое, што яно адбылося. Амаль увесь спіс — гэта вядомыя людзі і тыя, хто атрымаў страшныя тэрміны, такія як Таня Кузіна (10 гадоў). Выратаванне гэтых людзей шмат вартае. І, галоўнае, ёсць надзея на працяг.
Столь вызначаецца проста — наяўнасцю санкцый і абмеркаваннем вяртання амбасады. Апошняе, дарэчы, пакінулі напаследак.
Колькі б я ні думала, але галоўнае — гэта кантэкст вайны. Яе рэха ў Еўропе. Трамп хоча спыніць вайну, але яна не спыняецца. А гэта значыць, што місія Коула — разблакаваць транзіт — амаль невыканальная. Гэта і ёсць столь. Лукашэнка хоча адкрыцця балтыйскіх партоў, але не выходзіць. Гэта азначае, што вызваляць будзе ўсё цяжэй.
Оптыка вайны мае ўсё большую вагу.
З іншага боку, нягледзячы на блакаванне расійска-ўкраінскіх перамоваў, ідзе торг паміж Мінскам і Вашынгтонам. А гэта азначае, што ёсць надзея і на пачатак расійска-ўкраінскіх перамоваў. Калі яны пачнуцца і будзе прагрэс, тады становішча Беларусі зменіцца, і цалкам магчыма разблакаванне балтыйскіх партоў.
Шмат што значыць пазіцыя Украіны. Яна жорсткая ў адносінах да Мінска. Гэта азначае, што Еўропа пакуль будзе прытрымлівацца старога санкцыйнага курсу. Украіна можа і змяніць пазіцыю ў дачыненні да Мінска, але ўмовы змены пазіцыі — гэта гарантыі бяспекі для Кіева.
Разблакаванне партоў для Беларусі, як і ўвогуле адмена еўрапейскіх санкцый, звязаныя са спыненнем агню ва Украіне і гарантыямі бяспекі для яе. Зноў мы вярнуліся да зыходнай кропкі. Лукашэнка павінен змяніцца, альбо трэба замяніць яго.
Так, нягледзячы на гэты замкнёны круг, заўсёды ёсць варыянты пазітыўнага развіцця. Проста пакуль ніхто (Лукашэнка, Пуцін) не хоча змяніць сітуацыю ў пазітыўным ключы. Адсюль уся гэтая ахінея Лукашэнкі пра адсутнасць палітвязняў. Ён занадта добра бачыць сваю столю.
Гэта азначае, што ён загнаны ў кут і можа пачаць торг не за доступ да партоў, а за нешта іншае. Толькі для гэтага ўсведамлення патрэбны пэўны час. Спадзяюся, што яно хутка настане. Магчыма, праз некаторы час мы ўбачым змену пазіцыі Лукашэнкі, які не хоча губляць амерыканцаў.
Вось на гэта і Надзея.
Або адбудзецца зрыў перамоваў.