У Гародні збіраюць подпісы за канфіскацыю агрэсіўнага сабакі, які пакусаў хлопчыка
29- 26.01.2019, 21:01
- 19,329
16 студзеня сабака напаў на школьніка-першакласніка, пакусаў яму твар.
У Гародні збіраюць подпісы за канфіскацыю агрэсіўнага сабакі, які 16 студзеня напаў на школьніка-першакласніка ў мікрараёне Альшанка.
Як піша tut.by, хлопчыку знялі ўсе швы на твары. Цяпер рыхтуюцца вынікі судова-медыцынскай экспертызы, пасля якой будзе прынятая пастанова пра распачынанне крымінальнай справы на гаспадароў стафардшырскага тэр'ера.
А тым часам суседзі ўладальнікаў сабакі байцоўскай пароды збіраюць подпісы за тое, каб жывёлу забралі ў сям'і. Гаспадары сабакі стаяць на ўліку як сацыяльна небяспечная сям’я. Інцыдэнт адбыўся таму, што патэнцыйна небяспечнага сабаку выгульваў малы 10-гадовы хлопчык, сын гаспадароў. Жыхары мікрараёна Альшанка кажуць, што, нягледзячы на той інцыдэнт, ён па-ранейшаму выгульвае сабаку адзін.
Сяброўка гэтай сям'і пагражала маці пацярпелага хлопчыка ў асабістых паведамленнях у сацыяльных сетках, у тым ліку абяцала "забіць і пакалечыць". Жанчына зрабіла скрыншоты паведамленняў і звярнулася ў міліцыю.