Пад Брагінам на Дняпры пабудуюць порт для выхаду да Чорнага мора
18- 1.10.2019, 21:18
- 23,592
Кошт праекта - 64 млн даляраў.
У Брагінскім раёне на Дняпры плануюць пабудаваць рачны порт для выхаду да Чорнага мора, паведаміў БелаПАН намеснік старшыні Брагінскага райвыканкама Пётр Раманюк, паведамляе tut.by.
З яго слоў, інвестыцыйная дамова падпісаная гэтым летам паміж Міністэрствам транспарту і камунікацый Беларусі і кампаніяй «Белпорт Нижние Жары».
Акрамя порта ў раёне вёсак Верхнія і Ніжнія Жары на плошчы 280 га мяркуецца таксама будаўніцтва лагістычнага цэнтра і іншай інфраструктуры. Кошт праекта складае 64 млн даляраў, у тым ліку будаўніцтва порта абыдзецца ў 22 млн. Работы павінны быць завершаныя ў 2025 годзе.
Мяркуецца, што да порта грузы будуць дастаўляць кантэйнерамі, а далей - па рацэ ва Украіну аж да Чорнага мора. У перспектыве ад порта плануюць пабудаваць чыгунку да Хойнікаў. Гэта можа абысціся дадаткова ў 100 млн даляраў, паведаміў Раманюк.
Цяпер, з яго слоў, беларускі бок узгадняе праект з украінскім бокам, але праз нядаўнюю змену кіраўніцтва ў гэтай краіне працэс зацягнуўся. Як выказаў здагадку намеснік старшыні Брагінскага райвыканкама, «усё павінна ўладзіцца» пасля II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які пройдзе ў Жытоміры 3-4 кастрычніка.
«Калі ўсё будзе нармальна па ўкраінскаму боку, яны могуць хоць сёння пачынаць будаўніцтва. Гэта [рэалізацыя праекта] дасць штуршок для развіцця ўсяго рэгіёну. Умомант стане развівацца ўся сфера абслугоўвання, малы і сярэдні бізнэс і гэтак далей. Будзе створана блізу тысячы новых працоўных месцаў», - адзначыў Раманюк.
ААТ «Белпорт Нижние Жары» зарэгістраванае ў красавіку мінулага года. Кампанію звязваюць з адным з уладальнікаў сеткі «Гіпа» Васілём Варфаламеевым. Ён з'яўляецца генеральным дырэктарам кампаніі «Белтапэнэрга», якая ў снежні мінулага года заключыла мемарандум з Адміністрацыяй марскіх партоў Украіны аб аднаўленні рачнога суднаходства паміж Беларуссю і Украінай.