14 лiстапада 2019, Чацвер, 18:12
Добрая навіна
Рубрыкі

Як беларуска за паўгода схуднела на 15 кілаграмаў

4
Як беларуска за паўгода схуднела на 15 кілаграмаў
ФОТА: АНТОН ГАРДЗЕЙЧЫК

ЗЛЖ людзей, якія працуюць па начах і выходных.

Як знайсці час і сілы для трэніровак, калі жывеш па ненармаваным графіку? І ці можна правільна харчавацца і заставацца прыхільнікам ЗЛЖ, калі працуеш па начах і выходных? Высвятляў tut.by.

«Мая максімальная вага была 100 кілаграмаў»

Вераніка Война з Бабруйска - укладчыца-ўпакоўшчыца на прадпрыемстве «Чырвоны харчавік». Дзяўчына працуе ў тры змены, але запэўнівае, што гэта не перашкаджае правільна харчавацца і рэгулярна хадзіць у трэнажорную залу.

- Цяпер я актыўна падтрымліваюся ЗЛЖ. Але раней справа ішла па-іншаму. Лішняя вага прыйшла да мяне незаўважна. Калі ўбачыла на вагах вельмі вялікую лічбу (максімальная вага была амаль 100 кілаграмаў), зразумела: трэба нешта мяняць. Пачынала з маленькіх крокаў. Са снежня 2018-га стала займацца дома па методыцы Джыліян Майклс (і пад серыял на фоне, каб не было так сумна). Паступова выключыла з рацыёну шкодныя прадукты: смажанае на алеі, снэкі, бутэрброды і прысмакі.

У лютым 2019-га кіраўніцтва прадпрыемства, дзе працуе Вераніка, прапанавала супрацоўнікам абанементы ў трэнажорную залю. Дзяўчына не стала адмаўляцца ад такой магчымасці.

- Я падумала: вось яна - дадатковая радыкальная дапамога ў пахудзенні! Пачала займацца ў трэнажорнай залі па пяць разоў на тыдзень. Не чакала хуткіх вынікаў і разумела, што ўсё лішняе адразу не знікне.

У выніку за паўгода ЗЛЖ Вераніка скінула 15 кілаграмаў.

- Цяпер пры росце 176 сантыметраў я важу 76 кілаграмаў. Гляджу на старыя фота - і становіцца страшна: няўжо тая поўная дзяўчына - гэта я? - усміхаецца гераіня. - Навакольныя кажуць, што я выдатна выглядаю і ўжо магу спыняць сябе мучыць. Хлопец, бацькі і калегі засыпаюць кампліментамі. Але я думаю, ёсць да чаго імкнуцца. Планую скінуць яшчэ мінімум 10 кілаграмаў і веру, што ў мяне атрымаецца.

ФОТА: ВЕРАНІКА ВОЙНА

Вераніка адзначае, што пазменная праца зусім не замінае дасягаць мэтаў і сачыць за сваім целам. Галоўнае - усё загадзя прадумваць.

- На раніцу і абед я гатую кашы, мяса (як правіла, курыцу) і шмат зялёнай салаты. У якасці перакусу купляю звычайны арахіс. Калі працую ў начную змену, бяру з сабой тварог з аўсянкай і мёдам. Нічога звышнатуральнага.

Безлімітны абанемент дазваляе трэніравацца ў любы час: як раніцай, так і ўвечары. У мяне пакуль няма дзяцей, так што магу прысвячаць час сабе і сваім справам.

«Я адзіны дыджэй, які не бухае»

Паўлу Бора з Менска 28 гадоў. Ён кажа, што сябры з гумарам называюць яго «адзіным дыджэем, які не бухае».

- Я працую дыджэем ужо 11 гадоў і граю амаль ва ўсіх модных установах сталіцы, - прадстаўляецца малады чалавек. - Нягледзячы на начны графік, на працы я не выпіваю. Па-першае, не так выхаваны, а па-другое, проста не бачу ў гэтым сэнсу.

Спортам Павел займаецца з дзяцінства. Пачынаў з акрабатыкі, ў дарослым узросце пераключыўся на сноўбордынг, батутную акрабатыку, парашутны і мотаспорт.

- З такімі захапленнямі не атрымаецца весці нездаровы лад жыцця. Патрэбная цягавітасць, рэакцыя і бадзёрасць духу. Калі ты не прытрымліваешся ЗЛЖ, то не пройдзеш медкамісію і не атрымаеш допуск да скачкоў з парашутам, - тлумачыць дыджэй.

Яго працоўны тыдзень стартуе ў чацвер і заканчваецца ў нядзелю. Так што з панядзелка па сераду - час для трэніровак.

- Па сваім досведзе скажу: заняткі спортам можна ўпісаць у любы графік - хоць стандартны офісны, хоць начны. Напрыклад, я ўжо некалькі гадоў стабільна займаюся тройчы на тыдзень. Летам хаджу на батутную акрабатыку і вейкбордынг, зімой - на акрабатыку і сноўборд. Спорт дорыць добрую фізічную форму і цудоўнае самаадчуванне. Плюс, калі ты класна выглядаеш, то падабаешся дзяўчынкам.

Са слоў менчука, нават пры ненармаваным графіку можна нармальна высыпацца і адчуваць сябе бадзёра.

- Звычайна я працую з 10-й вечара да гадзіны ночы. Але бывае, пачынаю толькі пасля паўночы і сыходжу дадому ў сем раніцы. Галоўнае – даспаць патрэбную колькасць гадзін, у колькі б ні вызваляўся. Тады ніякай дрымотнасці і сінякоў пад вачыма не будзе.

Павел таксама ўважліва падыходзіць да сілкавання.

- У маім меню шмат гародніны, нятлустага мяса і круп - рысу і грэчкі. Галоўныя правілы - есці невялікімі порцыямі і не наядацца на ноч. Я выключыў тлустае і смажанае, таму што гэта дрэнна ўплывае на сардэчна-сасудзістую сістэму. Даю сабе слабіну толькі раз у месяц, каб схадзіць у «Мак». Заўважыў: калі рабіць гэта часцей, увесь кайф страчваецца.

«У кожнага свой спосаб перазагрузкі»

У 27-гадовага Антона Гардзейчыка з Берасця дзве працы і цэлы пералік спартыўных захапленняў.

- З 8.30 да 17.00 я працую мэнэджарам па рэкламе. Увечары бягу на ў другую працу - прафесійна займаюся пірсінгам. Атрымліваецца, кожны дзень заняты прыкладна да дзевяці-дзесяці вечара. Сплю па шэсць-сем гадзін у дзень, а ў выхадныя яшчэ працую ў Менску. У такім рытме жыву ўжо два гады, але ўсімі спосабамі стараюся надаваць час спорту, - кажа берасцеец. - Летась пасля працы хадзіў у трэнажорную залю. Але яна закрывалася раней, чым мне хацелася б. А кругласутачных заляў у Берасці няма. Так што апошнія паўгода, каб не страчваць форму, перайшоў на бег: пасля працы прабягаю свае 7-10 кіламетраў раз у два-тры дні.

У вольны час Антон таксама выбірае заняткі, звязаныя са спортам. Сярод яго хобі - сноўборд, вейкбордынг, плаванне, ролікі, роўпджампінг, бейсджампінг, страйкбол, рэканструкцыя IX-XI стагоддзяў, пейнтбол і матацыклы.

На пытанне, што матывуе быць такім актыўным, нягледзячы на вялікую нагрузку на працы, ён адказвае:

- Маральная разрадка, якую дае спорт. Плюс добрая фізічная форма як прыемны бонус. За два тыдні без трэніровак я страчваю стымул і цікавасць да працы, а спорт дапамагае падтрымліваць сябе ў тонусе. Кожны выбірае свой спосаб, як адпачываць і перазагружацца. Я і сам раней хадзіў у бары. Але ў апошнія два гады адмовіўся ад алкаголю - перастаў падабацца яго смак. Цяпер атрымліваю адрэналін і эмоцыі без спіртнога.

ФОТА: АНТОН ГАРДЗЕЙЧЫК

Антон мяркуе, што нават з ненармаваным працоўным графікам без праблем можна знайсці магчымасць прытрымлівацца ЗЛЖ.

- Калі ёсць жаданне, чалавек заўсёды знойдзе гадзіну на трэніроўку. З правільным харчаваннем справа ідзе больш складана - пазбягаць спакус не так-та проста. Я ўжо тры месяцы не ем фастфуд. Замест гэтага ўвёў у рацыён шмат салату, садавіны і адварнога мяса. Ссабойку гатаваць не паспяваю, але ў крамах заўсёды можна знайсці нешта больш-менш карыснае. Ратуюць тыя ж салаты-бары. І, дарэчы, за кошт здаровага харчавання за тры месяцы я схуднеў на пяць кілаграмаў. Вынік відавочны.