20 траўня 2024, панядзелак, 15:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску адбылася самая масавая акцыя супраць «інтэграцыі» з Расеяй (Відэа, анлайн)

58
У Менску адбылася самая масавая акцыя супраць «інтэграцыі» з Расеяй (Відэа, анлайн)
ФОТА: ФРАНЦІШАК ВЯЧОРКА

Новая акцыя за незалежнасць Беларусі пачнецца сёння а 14:00.

Сёння ў Менску прайшла акцыя ў падтрымку незалежнасці Беларусі. У акцыі ўзялі ўдзел некалькі тысяч чалавек. Журналісты адзначаюць, што такой колькасці ўдзельнікаў не было з часу Марша абураных беларусаў у 2017 годзе.

Сайт Сharter97.org вёў тэкставую трансляцыю акцыі пратэсту ў Менску:

21:15

Арганізатары заявілі пра завяршэнне акцыі пратэсту ў падтрымку незалежнасці Беларусі. Дзякуй, што разам з намі сачылі за анлайн-трансляцыяй.

Нагадаем, арганізатары акцыі пратэсту заявілі, што акцыя працягнецца заўтра, а 14:00, на Кастрычніцкай плошчы Менска.

21:13

А вось і фота жывога ланцуга, які ўтварылі беларусы.

ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Фотa: «Радыё Свабода»
Фотa: onliner.by
Фотa: onliner.by

21:08

Акцыя падыходзіць да завяршэння. Людзі спяваюць духоўных гімн «Магутны Божа».

21:07

Таксама апазіцыйны палітык анансаваў новы мітынг заўтра, а 14:00, на Кастрычніцкай плошчу Менску

21:06

«Толькі вы, беларусы можаце абараніць незалежнасць нашай краіны», - звярнуўся да людзей Вячаслаў Сіўчык.

21:00

Жывы ланцуг ўжо пачынае фармавацца. А калона рухаецца ў бок плошчы Перамогі.

20:56

Калона набліжаецца да Палаца прафсаюзаў. Людзі скандуюць: «Ніякіх саюзаў з імперскай Расеяй!».

20:51

«Сябры, як нас не палохалі штатныя прапагандысты, мы прыйшлі сёння на акцыю і заявілі ўсяму свету, што Беларусь - жывая. Сёння мы абуджаем беларускі народ», - звярнуўся да людзей Павел Севярынец.

20:48

Галава калоны ўжо на Кастрычніцкай, але частка людзей яшчэ знаходзіцца на Зыбіцкай. Акцыя працягнецца ў фармаце «Жывы ланцуг». Людзі ўстануць уздоўж праспекта Незалежнасці з бел-чырвона-белымі сцягамі і плакатамі.

20:45

Паводле розных звестак, у акцыі бяруць удзел ад трох да пяці тысяч чалавек.

20:40

Калона па прыступках падымаецца на Кастрычніцкую плошчу.

20:37

Маладыя дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах: «Мы нарадзіліся ў незалежнай Беларусі і ў нас проста не ўзнікае пытанне, чаму беларусы і расейцы - розныя народы».

20:33

Галава калоны ўжо знаходзіцца на вуліцы Зыбіцкай.

20:31

«Людзі разумеюць, што беларусы - не расейцы, гэта асобны народ. Калісьці нас называлі ліцьвінамі. Так, за апошні час мы пачалі гаварыць на той мове, якую нам навязалі бальшавікі, але наш народ разумее свае карані, памятае сваю гісторыю», - адказаў беларус на словы Пуціна пра тое, што «беларусы і расейцы - адзін народ».

20:28

Калона расцягнулася на некалькі сотняў метраў. Людзі скандуюць «Жыве Беларусь!» і «Далучайся!». Аўтамабілісты актыўна падтрымліваюць пратэстоўцаў.

20:20

«Самыя станоўчыя адчуванні, што людзей прыйшло больш, чым 7 і 8 снежня. Гэта сведчыць пра тое, што не гледзячы на тое, што наш народ ціхі, але ў нас ёсць такая праслойка людзей, якія гатовыя на ўсё для абароны незалежнасці. Хачу адзначыць, што нягледзячы на тое, што мне 82 гады, я страляю яшчэ вельмі добра. Хай расейцы і ўсе лукашысты пра гэта ведаюць», - заявіў 82-гадовы ўдзельнік акцыі Ян Грыб.

20:13

Яшчэ адзін малады чалавек з крэатыўным плакатам «Путя, нам не па пути»: «Я проста не хачу ніякай інтэграцыі. З гэтым меркаванне салідарныя ўсе мае знаёмыя».

20:11

Юнак: «Няхай Лукашэнка едзе да сябе ў Расею. Калі б ён быў беларускім кіраўніком, то людзі б не выйшлі на вуліцы».

20:08

Аляксандр з Горадні з украінскім сцягам: Мы, моладзь, выраслі і зразумелі, што гэты саюз з Расеяй нам не патрэбны. У мяне вельмі шмат родных ва Украіне і тое, што там адбываецца, агрэсія з боку Расеі, я хачу сказаць словы падтрымкі. Украінцы падтрымліваюць нас, а мы - іх. Разам І назаўжды!».

20:03

Малады чалавек з Пінска спецыяльна прыехаў на акцыю ў Менск: «Людзей, якія выходзяць на акцыі, становіцца ўсё больш. Можна паглядзець нават на папярэднія акцыі пратэсту».

20:01

Павел Севярынец заявіў, што калона вернецца на Кастрычніцкую плошчу. Там людзі правядуць акцыю «Жывы ланцуг».

Фотa: tut.by

20:00

Людзям раздалі тэксты песень і Плошча спявае гімн БНР «Ваярскi марш».

19:57

Вячаслаў Сіўчык зноў заклікаў вызваліць беларускіх патрыётаў, якіх затрымалі перад акцыяй. Плошча скандуе: «Свабоду Афнагелю!», «Свабоду Вінярскаму», «Свабоду Урбановічу!».

19:50

Выступае сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова: «Незалежнасць не далася нам лёгка. Згодна з Канстытуцыяй гарантам суверэнітэту з'яўляецца беларускі народ. Чалавек, які вядзе перамовы ў Расеі, не выбіраўся нашым народам. Мы не прызнаем гэтыя перамовы. Мы выступаем за тое, каб у Расеі таксама не было дыктатуры, каб яны былі свабоднымі. Асабіста я выступаю супраць інтэграцыі з Расеяй, паглядзіце на гісторыю: Прыднястроўе, Грузія, Украіна. Усё, што падпісваецца сёння – нелегітымна. Улады Беларусі і Расеі павінны бачыць, колькі нас. Мы абавязкова пераможам!».

Фотa: tut.by
Фотa: tut.by

19:42

Прадстаўнік КХП БНФ Алесь Чахольскі нагадаў уладам пра крымінальную адказнасць за здраду радзіме: «Сістэма памрэ, мы ўсё гэта бачым».

Фотa: «Радыё Свабода»

19:39

«2020 год - год стагоддзя Слуцкага збройнага чыну. Амаль 100 гадоў таму нашы продкі ўзялі зброю і пачалі абараняць нашу незалежнасць. І мы павінны быць гатовыя да гэтага. Калі трэба - абараняць краіну са зброяй у руках. Я думаю, што ў наступным годзе нас будзе ў сотні і тысячы разоў больш. Нас будзем мільёны і мы пераможам», - заявіў лідар Беларускага Народнага Фронту Рыгор Кастусёў.

19:36

«Дарагія сябры, над нашай краінай навісла пагроза анэксіі. Калі краіна сутыкаецца з больш небяспечным ворагам толькі тады, калі аб'ядноўваецца і ператвараецца ў крэпасць. Самая вялікая небяспека - здрада. Яшчэ вялікая небяспека - калі камендант крэпасці вядзе перамовы аб яе здачы за грошы. Таму адзіны шанец выратаваць крэпасць - павесіць каменданта на гарадскіх варотах. Каб Беларусь жыла, мы павінны прыбраць ад улады здрадніка, самазванца і забойцу», - заявіў лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч.

Фотa: spring96.org

19:33

Выступае дэпутат незалежнасці Лявон Баршчэўскі: «Я вітаю плошчу свабодных людзей. У гэтым будынку мы прымалі Канстытуцыю, але сёння многія пра яе забываюць. У Канстытуцыі няма нічога пра так званую саюзную дзяржаву. Нічога няма і ў расейскай Канстытуцыі».

Да людзей звярнуўся дэпутат незалежнасці Сяргей Антончык, якія ў 90-я выводзіў на вуліцы дзясяткі тысяч працоўных: «Калісьці на гэтым будынку была Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг. Беларусь - краіна для беларусаў, якія тысячы гадоў будавалі сваю хату. Хіба мы можам дапусціць, каб на нашых плошчах гуляла «Мурка», каб п'яныя расейскія бандыты гвалтавалі нашых жанчын? Сёння на плошчы - авангард, але заўтра падымецца цэлая Беларусь. Апошняе, што я хачу сказаць, што калісьці мы закладвалі ў падмурак нашай краіны добрую Канстытуцыю. Мы павінны былі за 25 гадоў заквітнець. Але прыйшоў чалавек, які прынёс на нашу зямлю гэты жабрацкі «расейскі свет». Давайце памятаць, што мы гаспадары на нашай зямлі. Хай жыве наша краіна! Жыве Беларусь!».

Фотa: Францішак Вячорка

19:27

«Тысячы людзей пралілі кроў за нашу незалежнасць. Мы не маем права аддаць нашу незалежнасць ворагам. Беларусь будзе вольнай. Будзем разам і мы пераможам!», - на плошчы зачыталі зварот кіраўніцы Рады БНР Івонкі Сурвілы.

19:26

«Дарагія сябры, перад тым, як мы пачнем наш мітынг, давайце паслухаем кіраўніка нашага ўрада ў выгнанні, дэпутатаў незалежнасці, лідараў партый і рухаў», - звярнуўся да людзей Павел Севярынец і пачаў чытаць малітву «Ойча наш!». На плошчы гучыць малітва.

19:23

«Нас ужо некалькі тысяч чалавек. Давайце скажам ўсім, хто глядзіць нас у інтэрнэце - «Далучайся!», - заявіў Севярынец. Людзі скандуюць «Жыве Беларусь!». Людзей сапраўды вельмі шмат!

19:21

Павел Севярынец узлез на іправізаваную сцэну і заклікае людзей далучацца да мітынгу. Вячаслаў Сіўчык заклікаў вызваліць палітвязняў. Людзі скандуюць «Свабоду Афнагелю!», «Свабоду Вінярскаму!».

19:15

Калона пратэстуючых набліжаецца да дома ўрада.

Фотa: tut.by

19:11

Калона прыйшла на плошчу Незалежнасці. Тут павінен працягнуцца мітынг у абарону незалежнасці. У акцыі ўдзельнічае блізу дзвюх тысяч чалавек.

19:05

Фотa: «Наша Ніва»

Моладзь прыйшла на акцыю з плакатамі, на якіх напісаны цытаты з класікаў беларускай літаратуры - Уладзіміра Караткевіча, Якуба Коласа.

19:03

Калона расцягнулася ад будынку КДБ да ГУМа. Вельмі шмат людзей з нацыянальнымі сцягамі. Ёсць шмат сцягоў асобных гарадоў.

Фотa: «Радыё Свабода»
Фотa: «Радыё Свабода»

19:01

На акцыю прыйшлі людзі з партрэтамі зніклых апазіцыянераў. Мужчына з партрэтам кіраўніка МУС Юрыя Захаранкі даў каментар: «Чаму Юры Захаранка? Ды таму што з гэтага ўсё пачалося», - сказаў мужчына з партрэтам. Нагадаем, на гэтым тыдні экс-баец САХРу Юрый Гараўскі заявіў, што мае дачыненне да выкрадання і забойстваў апазіцыйных палітыкаў.

19:00

«У мяне няма знаёмых, якія падтрымліваюць інтэграцыю. Тое, што мы бачылі ва Украіне - гэта анэксія», - заявіў малады чалавек на акцыі пратэсту.

18:57

Удзельніца акцыі трымае плакат з лозунгам супраць БелАЭС: «Гэтая станцыя выгадная Расеі. Беларусы заўсёды выступалі супраць».

18:56

Людзі спыніліся каля будынку КДБ і скандуюць «Ганьба». «Мы патрабуем перайменаваць і рэфармаваць гэтую струтуру», - заявіў Павел Севярынец. Прысутныя пералічылі імёны зніклых палітыкаў.

Фотa: «Радыё Свабода»

18:53

Аўто, што праязджаюць міма, сігналяць у падтрымку пратэстоўцаў.

Фотa: tut.by

18:50

Уладзімір Някляеў на акцыі пратэсту: «Амаль усе перамовы круцяцца вакол дармовага газу і нафты. Але Пуцін ясна сказаў, што гэта ўсё будзе ў выпадку таго, калі будуць наднацыянальныя органы. А гэта азначае страту незалежнасці. Людзі, якія прыходзяць на акцыі, усе гэта разумеюць, таму і выйшлі».

18:48

«Сябры, давайце яшчэ раз паклічам да вызвалення нашых палітвязняў», - заклікаў Павел Севярынец. Людзі скандуюць прозвішчы затрыманых перад акцыяй людзей.

18:45

Беларус з плакатам «Брат, пускающий «Град» в брата — мне не брат»: Людзі, якія страляюць ва ўкраінцаў - не могуць быць братамі для беларусаў.

18:44

Вельмі шмат людзей, калона расцягнулася па праспекце.

Фотa: t.me/mkbelarus

18:39

Калона рухаецца па праспекце Незалежнасці ў бок плошчы Незалежнасці. Шмат людзей з нацыянальнай сімволікай. Людзі скандуюць: «Далучайся!».

Фотa: onliner.by

18:36

Адна з удзельніц акцыі прапанавала Пуціну і Лукашэнку свой план па інтэграцыі: «Я прапаную дамовіцца так - вы жывяце ў адной краіне, а мы - у іншай».

18:33

Адзін з удзельнікаў трымае перакулены лукашэнкаўскі сцяг.

Фотa: «Радыё Свабода»

18:32

«Беларусь здаюць у лапы Расеі. Разумееце, 28 дарожных карт ужо ўзгаднілі. Калі ад народа хаваюць праўду, то гэта значыць, што там ёсць небяспека. Для Лукашэнкі самая галоўная небяспека - не атрымаць датацыі. Беларускую эканоміку можа чакаць калапс. Таму мы павінны сёння павінны звярнуцца да Еўропы і сказаць, што калі нашу краіну здадуць, то расейскія танкі могуць аказацца на мяжы з Еўразвязам. На мяжы з Беларуссю ужо разгортваюцца вайсковыя базы. Гэта не пустыя словы, гэта словы занепакоенасці. Тады мы будзем рыхтаваць партызанскія атрады. Я не жартую. Лукашэнка можа пагадзіцца на ўсё», - заявіў лідар БНФ Рыгор Кастусёў.

Фотa: «Радыё Свабода»
Фотa: «Радыё Свабода»

18:29

Як адзначаюць журналісты «Радыё Свабода», навагодняя ёлка таксама бел-чырвона-белая.

18:27

«Як мінімум - я хацеў бы, каб у нашай краіне можна было збірацца на плошчах гарадоў», - распавёў малады чалавек, што б ён хацеў змяніць у нашай краіне.

Фотa: «Наша Ніва»

18:25

Людзі спяваюць «Пагоню» Максіма Багдановіча. Людзей усё больш.

18:23

«У нас патрабаванне - адстаўка ЦВК і Ярмошынай. Другое - адна гадзіна на БТ для апазіцыйных палітыкаў і блогераў. Кожны дзень. А самае галоўнае - хай Лукашэнка не вылучае сваю кандыдатуру на выбары. Годзе, думаю, што ў Беларусі дастаткова годных людзей. На участках павінны быць вебкамеры», - агучыў свае патрабаванні жыхар Віцебска.

18:18

Павел Севярынец заклікаў людзей далучацца да акцыі ў Менску. На акцыі зачытаюць зварот кіраўніка БНР Івонкі Сурвілы, выступяць дэпутаты незалежнасці, лідары партый і рухаў. Таксама будзе свабодны мікрафон.

Фотa: «Наша Ніва»

18:17

Прадстаўнік КХП БНФ Алесь Чахольскі заявіў, што заўтра таксама пройдзе акцыя ў Менску.

18:16

Фотa: t.me/mkbelarus

Вядомы мастак Алесь Марачкін прынёс на акцыю карціну, на якой кожны можа пакінуць свой водгук. Карціна называецца «Нахрана нам такi cаюз».

18:14

Cевярынец звярнуўся да сілавікоў: «Мы выступаем за тое, каб вас не пасылалі ваяваць на Данбас і ў Сірыю». Апазіцыйны палітык заклікаў улады не ладзіць правакацыі.

18:12

Павел Севярынец заклікаў людзей падтрымаць затрыманых перад акцыяй актывістаў. Нагадаем, напярэдадні акцыі былі затрыманыя каардынатары грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі, Яўген Афнагель, лідар «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч.

Фотa: «Радыё Свабода»

18:11

Людзі скандуюць «Незалежнасць» і «Ніякіх саюзаў з імперскай Расеяй».

18:09

«Я з тых людзей, якія лічаць Кастуся Каліноўскага героем Беларусі. Я заклікаюць адкінуць усе ілюзіі. Нічога добрага з усходу да нас прыйсці не можа. Любыя паперкі, падпісаныя з Расеяй - гэта беднасць, гэта будучыя войны, труны і Трэцяя сусветная вайна», - заявіў лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

18:07

Прадстаўнік КХП БНФ зачытвае артыкула Канстытуцыі. Арганізатары заклікаюць людзей крыху пачакаць, пакуль да акцыі далучацца ўдзельнікі.

18:04

На акцыі шмат моладзі і людзей, якія прыехалі з іншых гарадоў. Шмат нацыянальных сцягоў.

18:02

Народная дружына адводзіць у бок правакатара ў касцюме Дзеда Мароза. Правакацыя не ўдалася.

18:01

«Канстытуцыя абавязвае людзей абараняць краіну і яе незалежнасць», - адказаў Павел Севярынец на заявы міліцыі, што мітынг несанкцыянаваны.

17:59

Адзін з дэпутатаў незалежнасці Сяргей Антончык таксама прыйшоў на акцыю: «Мы не можам быць роўнымі ў імперыі. Гэта не цывілізацыя, а Сярэднявечча».

17:57

На плошчы з'явіўся адзін з арганізатараў акцыі Павел Севярынец: «Мы супраць таемных перамоў Пуціна і Лукашэнкі».

17:56

«У мяне такое адчуванне, што нас збіраюцца проста паставіць перад фактам, што краіна прададзеная. Таму я тут», - распавёў удзельнік акцыі з Вілейкі.

17:54

З'явіліся першыя бел-чырвона-белыя сцягі. Людзі крычаць «Жыве Беларусь!».

17:52

Людзі збіраюцца на Кастрычніцкай плошчы. Абстаноўка спакойная, ніхто не перашкаджае правядзенню акцыі.

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках