19 красавiка 2024, Пятніца, 15:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Кісляк: Людзі выходзяць на вуліцы, бо іх давялі да роспачы

9
Раман Кісляк: Людзі выходзяць на вуліцы, бо іх давялі да роспачы

У цэнтры Берасця больш за год ідуць пратэсты.

Больш за 200 супраціўнікаў акумулятарнага завода чарговы раз сабраліся на галоўнай плошчы Берасця, каб пакарміць галубоў і нагадаць уладам: яны па-ранейшаму не згодныя. Акцыі праводзяцца ўжо амаль год - на тым самым месцы. Берасцейцаў не палохаюць затрыманні і ціск, а падтрымліваць іх едуць палітыкі з Менска, перадае «Белсат».

«Вось выходзім сюды, спрабуем данесці інфармацыю, што парушэнні, парушэнні, парушэнні. Нават тыя парушэнні, пра якія яны ўжо ведаюць, мы паўторна дасылаем, каб звярнуць на гэта ўвагу», - кажа актывістка Юлія Зубік.

Быў дождж і снег, затрыманні і перашкоды. 31 заяўка на афіцыйны мітынг - і толькі адзін дазвол. Нягледзячы на гэта, берасцейцы працягваюць пратэсты. Але больш не стаяць на месцы - апошнія акцыі адзначыліся і шэсцем.

«Галоўная дзяржаўная экспэртыза дала адмоўныя высновы аб праекце. Гэта значыць, «Аграмашдэталь» ды іншыя, якія ацэньвалі ўздзеянне на навакольнае асяроддзе - гэта ўсё падробленыя дакументы. Чаму? Таму што ніводзін чалавек не ўзяў удзелу ў гэтым», - кажа грамадскі актывіст Фёдар Петрусевіч.

Асаблівасцю сённяшняй акцыі стаў удзел у ёй лідараў правацэнтрысцкай кааліцыі.

«Пакуль людзі не будуць выходзіць масава і казаць, што іх не задавальняе ў Беларусі, нічога ніколі не зменіцца. Мы разам з тымі людзьмі, якія не баяцца, якія заўсёды ахвочыя прыехаць - падтрымаць», - заявіў Юрый Губарэвіч, прадстаўнік руху «За свабоду!».

Сёння абышлося без затрыманняў, аднак напярэдадні нібыта за ўдзел у мінулай акцыі за краты адправілі праваабаронцу Уладзіміра Вялічкіна і актывіста Віталя Казака. На час сённяшняй акцыі затрымлівалі блогера Аляксандра Кабанава.

«Улады, міліцыя затрымлівае, каб не было шэсцяў, мітынгаў, публічнага выказвання пратэсту. Людзі выходзяць таму, што іх давялі да роспачы - іх не чуюць. Завод амаль дабудаваны, ужо плануецца першы пробны старт», - кажа праваабаронца Раман Кісляк.

Пакуль затрыманыя актывісты чакаюць суду, патэнцыйна небяспечны акумулятарны завод набліжаецца да старту. Згодна з планамі, ён пачне дзейнасць у трэцім квартале гэтага года.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках