20 сакавiка 2019, Серада, 11:10
Выклік для кожнага
Рубрыкі

За наезд на абаронцу Курапатаў кіроўцу пагражае крымінальная справа

ДЗЯНІС УРБАНОВІЧ
ФОТА: RFE/RL

Адміністрацыйны пратакол адмянілі.

У Менскім абласным ДАІ адмянілі пратакол аб адміністрацыйным парушэнні, складзены пасля наезду на абаронцу Курапатаў Дзяніса Урбановіча. Паводле вынікаў новай экспертызы траўмаў, якія атрымаў актывіст, следства можа скончыцца крымінальнай справай, паведамляе «Радыё Свабода».

«22 лютага той адміністрацыйны пратакол адмянілі. Так мне сказаў супрацоўнік ДАІ Арцём Шаманскі і яго калега, Сяргей Аляксандравіч. Падстава - змяніўся дыягназ, які мне паставілі лекары пасля траўмы. Усё больш сур'ёзна, чым яму здалося спачатку. Цяпер магчымая крымінальная справа», - сказаў Урбановіч.

Да ўдару пляча і ключыцы, якія лекары выявілі пасля здарэння 16 лютага, дадаўся шыйна-плечавы сіндром. Са слоў медыкаў з 38-й паліклінікі Менска, у актывіста пашкоджаны спіна і пазванкі шыі.

«Супрацоўнікі ДАІ сказалі, што паклічуць у аўторак на экспэртызу, каб дакументальна пацвердзіць траўмы. Калі будзе прызнана, што траўмы сярэдняй цяжкасці, сказалі, што завядуць крымінальную справу на кіроўцу», - сказаў Урбановіч.

Міліцыянт, які ўдзельнічаў у афармленні пратаколу аб наездзе на Урбановіча, адмовіўся каментаваць справу, але не зняпраўдзіў, што праводзіцца разбор інцыдэнту.