Завербаваны Харкаўскі чыноўнік перадаваў інфармацыю ФСБ РФ у Менску
2- 7.03.2019, 21:56
- 15,053
СБУ затрымала чыноўніка Харкаўскай гарадской рады.
Дэпартамент контрвыведкі СБУ 5 сакавіка затрымаў у Харкаве чыноўніка гарадской рады, які працаваў на Федэральную службу бяспекі Расеі.
Пра гэта на брыфінгу 7 сакавіка паведаміў прадстаўнік Дэпартамента контрвыведкі СБУ Уладзімір Насцюк, паведамляе pravda.com.
Цяпер намесніку дырэктара аднаго з дэпартаментаў Харкаўскай гарадской рады абвясцілі падазрэнне ў дзяржаўнай здрадзе і абралі яму меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай на 60 дзён.
«Устаноўлена, што ўкраінскі чыноўнік быў завербаваны ў 2016 годзе на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі кадравым супрацоўнікам ФСБ РФ Аляксандрам Ушаковым, 1975 г.н.», - распавёў Насцюк.
Ён дадаў, што афіцэр ФСБ РФ фігуруе як памочнік міністра адукацыі Ніжагародскай вобласці Расеі. Гэтая пасада дазваляла яму ўдзельнічаць у розных адукацыйных і навуковых мерапрыемствах і наладжваць стасункі з прадстаўнікамі мясцовай улады ва Украіне.
«Грамадзянін Украіны быў даволі каштоўнай крыніцай інфармацыі для расейскіх спецслужбаў, пра што сведчыць, між іншым тое, што Вушакоў сустракаўся з ім на тэрыторыі трэціх краін - у горадзе Прага, Салонікі (Грэцыя), Менск (Беларусь) і неаднаразова на тэрыторыі РФ у г . Белгарад», - распавёў прадстаўнік СБУ.
Ён дадаў, што Харкаўскі чыноўнік, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, а таксама доступ да розных масіваў інфармацыі «збіраў і перадаў для расейскіх спецслужбаў інфармацыю пра арганізацыі і рухі, іх лідараў, пра дзейнасць рэлігійных суполак, пра нацыянальна-патрыятычныя аб'яднанні грамадзян, іх праекты і кіраўнікоў, пра супрацоўнікаў Харкаўскай гарадской рады і да т. д.».
«Аляксандр Вушакоў з'яўляецца афіцэрам 2 службы ФСБ РФ, да асноўных задач якой належыць жорсткі кантроль менавіта ў грамадска-палітычнай сферы», - растлумачыў Насцюк.
Ён таксама перасцярог грамадзян Украіны, якія наведваюць Расею, усвядоміць усе вербавальныя рызыкі.
«Спецслужбы РФ выкарыстоўваюць усе магчымыя формы, метады і спосабы, каб завербаваць нашых грамадзян, у тым ліку адкрыты шантаж і правакацыі», - падсумаваў прадстаўнік СБУ.