20 верасня 2026, Нядзеля, 14:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Не трымайся за ўладу пасінелымі пальцамі — едзь у поле, слухай рапс»

«Не трымайся за ўладу пасінелымі пальцамі — едзь у поле, слухай рапс»

Павучальная гісторыя з глыбіняў вякоў.

Гэтая гісторыя здарылася тады, калі малы Рым ужо вырас у памерах, але заставаўся з’явай вельмі мясцовага значэння. У той час Рым ваяваў з суседнім народам экваў. Калі па праўдзе, не было тады такой пары года, каб Рым не ваяваў з кім-небудзь з суседзяў.

І вось сталася так, што вайна пайшла крыху не па плане, і рымскае войска трапіла ў акружэнне. Яны там у тым акружэнні яшчэ трымаліся, але дзецца з акружэння было зусім няма куды.

Карацей, войска трэба было тэрмінова ратаваць. Таму рымскі сенат вырашыў пайсці на надзвычайныя меры. Рымскі сенат вырашыў прызначыць дыктатара.

А я табе нагадаю, што тады слова «дыктатар» яшчэ не было лайлівым. І прызначалі дыктатара на тэрмін не больш чым на некалькі месяцаў. Але, хоць слова і не было лайлівым, паўнамоцтвы ў яго былі самымі што ні ёсць дыктатарскімі. Таму выбіраць трэба было асцярожна. Трэба было абраць такога чалавека, які, з аднаго боку, справіцца з даручэннем, а з другога — не будзе злоўжываць сваімі паўнамоцтвамі.

Вось Луцый Квінкцый Цынцынат якраз падаўся сенатарам такой прыдатнай кандыдатурай. Калі да яго прыбылі сенатскія паслы, Цынцынат якраз араў сваё поле. І, убачыўшы ля варот прадстаўнічую дэлегацыю, ён адразу, вядома, западазрыў неладнае.

І недарма западазрыў. Калі паслы агучылі яму рашэнне сената, Цынцынат расчуліўся і сказаў: «Незасеяным застанецца ў мяне сёлета ўчастак і, мабыць, нам усім давядзецца моцна галадзець». Пасля чаго, «пацалаваўшы жонку і загадаўшы ёй паклапаціцца пра хатнія справы, ён адправіўся ў горад».

Як чалавек заняты, у горадзе ён часу дарма не губляў. Сваёй дыктатарскай уладай адхіліў консулаў, якія не апраўдалі народнага даверу. Потым абвясціў надзвычайную мабілізацыю пад пагрозай смяротнага пакарання для ўхілістаў.

Пасля чаго з сабраным войскам адразу пайшоў на вайну. Я табе нагадаю, што Рым тады яшчэ быў маленькі. То бок далёка ісці не давялося.

Ну і вайна таксама нейк надоўга не зацягнулася. Вядома, за тры дні Цынцынат не справіўся. Ён справіўся за чатыры. Эквы капітулявалі. Выдалі правадыроў, якія падбухторвалі іх да вайны, і ў кампенсацыю маральнай і матэрыяльнай шкоды аддалі адзін са сваіх гарадоў рымлянам на рабаванне.

Вярнуўшыся ў Рым, Цынцынат унёс у казну здабычу, захопленую на вайне, прадставіў народнаму сходу афіцыйную справаздачу пра свае дзеянні, пасля чаго склаў дыктатарскія паўнамоцтвы і вярнуўся дадому.

Замест прадугледжаных законам шасці месяцаў дыктатура Цынцыната цягнулася 16 дзён. Бо Цынцынату было куды спяшацца. Поле само сябе не засея.

Карацей, калі ты не хочаш трымацца за ўладу пасінелымі пальцамі, дык і не трымайся. Едзь у поле, слухай рапс.

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі»

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках