Беларуска пра польскі шпіталь: Я глядзела на гэта з замілаваннем
- 20.09.2026, 14:14
- 1,126
Узровень чалавечнасці і эмпатыі медыцынскіх работнікаў уразіў.
Беларуска Юлія Семчанка, жонка былога палітвязня, журналіста Дзмітрыя Семчанкі, расказала у сацсетках пра тое, што два гады пакутавала ад жудасных прыступаў болю ў жываце, але дыягназ ёй паставілі толькі ў Польшчы, куды яны пераехалі прыкладна год таму.
— Тыдзень адпачывала ад сацсетак асаблівым чынам. Калі без жартаў, хачу падзяліцца сваёй гісторыяй двухгадовых страшных прыступаў болю ў жываце («страшных» — слабое слова для апісання, хутчэй знішчальных). Выпадак не ўнікальны, але і не распаўсюджаны. І такое можа быць, ага. Каб і вы таксама ведалі, і хай з вамі такога ніколі не здарыцца (ці максімум адзін раз і з добрым вынікам). Чакаю вынікаў гісталогіі і спадзяюся, што гэты боль больш ніколі не вернецца, — распавядае яна.
Паводле яе слоў, апошнія два гады яна перыядычна трапляла ў бальніцы з вострым болем у жываце: двойчы ў Беларусі, столькі ж — у Варшаве. Яшчэ некалькі прыступаў перажыла самастойна.
— Гэта быў ад, калі ў цябе тэмпература і ваніты, але самае страшнае — боль, які можа трываць суткі. І ты ўсё паміраеш, ды ніяк не памрэш. А потым хоп — і ўсё мінае. І так 3−4−5 месяцаў у цябе нічога не баліць. Жыццё цудоўнае, але ўнутры разумееш: гэта зноў калі-небудзь паўторыцца. Бо яно паўтараецца. Само па сабе. Без трыгераў і прычын, — апісвае яна свае сімптомы.
Юлія ўдакладняе, што старалася зрабіць усё, каб даведацца, што з ёй адбываецца, прайшла мноства абследаванняў, уключаючы МРТ, КТ, УГД, ФГДС, энтэраграфію, аналізы на «паламанасці» генаў і нават пабывала на прыёме ў псіхіятра, думаючы, што, можа, ужо звар'яцела…
— Якіх толькі рэдкіх дыягназаў не падазравалі, якіх я толькі аналізаў не здавала. Апошнія якраз на пачатку верасня. Памятаю, здаю і думаю: усё, гэта апошні раз, я больш не хачу, я стамілася шукаць і не знаходзіць, — дзеліцца яна.

У перапынках паміж прыступамі Юлія адчувала сябе абсалютна здаровай, выдатна прагрэсавала ў сілавых, дадала бокс, кайфавала ад свайго цела і сілы. Яна ўзгадвае, што яшчэ ў Беларусі на прыватным прыёме лекар дапусціла думку пра адно захворванне, але сама Юлія не паверыла, бо лічыла, што ў XXI стагоддзі яго лёгка выяўіць.
— Дык вось, яна дапусціла думку, што гэта можа быць рэцыдывуючы апендыцыт. Я тады нават у галаву не ўзяла, бо мы ўсе прывыклі думаць, што ён можа здарыцца толькі адзін раз — і там два варыянты развіцця падзей. Чорт вазьмі, апендыцыт!!! І так бывае: ён можа запаляцца і мінаць, але да пары да часу. Мне проста пашанцавала, што калі мне рабілася лягчэй, гэта было не таму, што ён лопнуў. Так і аказалася, бо ўсе сімптомы ў мяне былі абсалютна класічныя, — кажа яна.
Паводле яе слоў, не звар'яцець ад невядомасці ёй дапамаглі блізкія, якія бачылі гэтыя пакуты і падтрымлівалі яе, а муж настаяў на тым, каб яна працягвала шукаць прычыну захворвання.
У выніку толькі з чацвёртага разу, калі яна паехала ў бальніцу, ёй паставілі дыягназ.
— Калі да мяне падышлі і спыталі, ці згодная я на аперацыю, то ўбачылі ўсмешку, бо, вядома, я згодная!!! Што бачылі лекары на УГД і КТ — пытанне адкрытае. Але яшчэ ў Беларусі я пасля прачытала, што пісалі пра яго запаленне, але чамусьці не выдалілі. Пішу гэтыя сторыс, каб вы разумелі, што апендыцыт — гэта не заўсёды аднаразовая гісторыя. Рэдка, але бывае і так, — распавядае Юлія.
Таксама яна параўноўвае бальніцы і медыцыну ў Беларусі і Польшчы.
— У Беларусі хуткая прыязджала да мяне без праблем і забірала так жа лёгка, ніякіх прэтэнзій. У Варшаве хуткая прыязджала два разы, адзін раз адмовіла, паехалі ў прыёмнае аддзяленне (SOR) — там мяне адправілі дадому і выпісалі нейкія антыбіётыкі ад СРК (сіндром раздражнёнай кішкі — заўв. рэд.), — узгадвае яна.
Паводле яе слоў, апошні раз хуткая ў Варшаве прыязджала, двое мужчын адразу спыталі, чаму яна не паехала ў SOR, а таксама ўдакладнілі, як яна ацэньвае свой боль па шкале ад 1 да 10.
— Я кажу: 9. «Ну, пані нават на 7 не выглядаеце!» Дзякуй, вядома, але я «прайшла» Афганскую вайну. Сілаў крычаць няма. З пэўнымі каментарамі ўсё ж забралі мяне і давезлі да бальніцы, хоць казалі, што ў SOR у чаргу давязуць. Ну, а там я ўпала ў цёплыя рукі медперсаналу і сапраўды адчула клопат, — прызнаецца Юлія.
Яна кажа, што польскаму шпіталю ставіць 10 з 10, бо персанал цудоўны, лекары і медсёстры/медбраты жартуюць паміж сабой, лёгка выконваюць самую непрыемную працу. Даюць адзін аднаму «пяць». Юлія таксама адзначае, што ані на хвіліначку не адчула сябе пакінутай, да яе часта падыходзілі і пыталіся, ці ўсё добра.
— Бяруць кроў — кажуць «дзякуй» (мне!), робяць агляд — зноў «дзякуй» (мне!) Ля ложка ёсць кнопачка, на якую можна націснуць, калі нешта патрэбна. І да цябе прыходзяць праз 3 секунды і абсалютна ветліва робяць усё, што трэба. Памятаю, як ужо позна пасля аперацыі да мяне ціхенька падышла медсястра, кажа: «Чаму ты ў гэтым пластыку (вопратцы для аперацыі) спіш, давай дапамагу пераапрануцца?» І беражліва ўсё зрабіла, бо я была вельмі слабая пасля аперацыі, — распавядае падрабязнасці яна.
Асабліва ёй запомніліся вельмі зручныя ложкі для пацыентаў, дзе можна аўтаматычна наладзіць зручны для сябе нахіл, а таксама тое, як яе віталі пасля аперацыі, разбудзіўшы пасля наркозу словамі «Пані Юля, як па-беларуску будзе «добры дзень»?»
— Я глядзела на гэта з замілаваннем. Не хацелася ўцякаць, было абсалютна камфортна. Я не пачула ніводнага разу павышанага тону, ні сваркаў, не бачыла «кіслых» твараў. Доўга думала пра нашу беларускую медыцыну і лекараў, пра ўмовы, у якіх яны працуюць. Як жа хацелася б, каб і ў нас так было, дзе ўсе работнікі маюць годную зарплату і добрыя ўмовы, — прызнаецца яна.
Яна таксама адзначае, што ў Беларусі ў бальніцы ёй таксама трапляліся добрыя лекары, вельмі далікатныя гінеколагіні, і яна ім удзячная, што нягледзячы ні на што, яны захоўвалі чалавечнасць і эмпатыю.
— А вось астатні медперсанал вельмі розны, я бачыла, як медсёстры крычалі на старых за іх стогны. Як адна проста разрывалася з-за таго, што яе папрасілі фортачку закрыць у палаце, — піша Юлія.