22 лiпеня 2019, панядзелак, 5:15
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Беларусаў перасталі пускаць на экскурсіі ва ўкраінскую зону адчужэння і на ЧАЭС

5

Пра гэта паведамілі тураператары.

Сярод беларусаў расце попыт на экскурсіі ў зону адчужэння і на ЧАЭС, але ўезд на ўкраінскую тэрыторыю нашым грамадзянам забаронены, адзначаюць тураператары, паведамляе interfax.by.

«Запытаў вельмі шмат стала (на экскурсіі ў зону - заўв.), прынамсі, у Беларусі: штодня звяртаюцца да 20-30 чалавек. Аднак грамадзяне Беларусі сёння ва ўкраінскую зону адчужэння заехаць не могуць, нам не падпісваюць праграмы. Попыт вельмі вялікі, але людзям даводзіцца адмаўляць, пераносіць. У мяне сёлета перанесена ўжо шэсць паездак. Людзі чакаюць, запісваем або ў ліст чакання тых, хто гатовы чакаць, і калі сітуацыя ўрэгулюецца, паездка адбудзецца, ці проста адмаўляем», - распавёў прадпрымальнік Пётр Філон, які ўжо шмат гадоў арганізоўвае экскурсіі ў Чарнобыльскую зону.

З ягоных слоў, «афіцыйна пра забарону ніхто не абвяшчаў».

Размовы пра рост цікавасці турыстаў да зоны адчужэння вакол ЧАЭС актывізаваліся на фоне поспеху амерыканскага серыяла «Чарнобыль», які абышоў па папулярнасці «Гульні тронаў».

У сувязі з гэтым у дзяржагенцтва кіравання зонай адчужэння паведамлялі, што сёлета на 1 чэрвеня прырост наведвальнасці зоны адчужэння склаў 20% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. «Турыстычныя аператары кажуць, што заўважаюць павелічэнне попыту, але на гэты момант я не магу гэта пацвердзіць», - адзначыў кіраўнік агенцтва Віталь Пятрук.

З яго слоў, у лідарах па наведвальнасці зоны адчужэння - турысты з Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Польшчы і ЗША. «З 72 тысяч наведвальнікаў у мінулым годзе 80% складаюць замежнікі. Сказаць, што ў статыстыцы нейкая адна краіна дамінуе, нельга. Няма краіны, колькасць наведвальнікаў з якой перавышае 10% агульнай колькасці», - дадаў чыноўнік.