10 красавiка 2020, Пятніца, 20:38
Заставайся дома!
Рубрыкі

Як магілёўцы пратэстуюць супраць дзеянняў чыноўнікаў

1
Як магілёўцы пратэстуюць супраць дзеянняў чыноўнікаў
Фото: «Радыё Свабода»

Апошнім часам жыхары абласнога цэнтра ўсё часцей заяўляюць пра сваю нязгоду з палітыкай гарадскіх уладаў.

Жыхары некалькіх дамоў у магілёўскім мікрараёне Саломенка не згаджаюцца з ўзвядзеннем шматпавярховіка. Людзі кажуць, што праект не прадугледжвае развіцця сацыяльнай і транспартнай інфраструктуры і пагоршыць умовы пражывання, паведамляе «Радыё Свабода».

Пра мікрараён: на 15 тысяч насельніцтва - адна школа і два садкі

Да гарадскога цэнтра - 20 хвілін грамадскім транспартам.

Насельніцтва больш за 15 тысяч чалавек.

Адна перапоўненая школа №40. Дзеці вучацца ў тры змены.

Два загружаныя дзіцячыя садкі. Узвядзенне новых у перспектыве.

Машынам хуткай дапамогі, пажарнай службы і камунальнага абслугоўвання дабірацца да дамоў у раёне цяжка, бо праезды дрэнна спланаваныя.

Жыхары пра ўшчыльненне: Чыноўнікі вырашаюць жыллёвыя праблемы, шкодзячы навакольнаму асяроддзю

Пра ўзвядзенне шматпавярховіка жыхары даведаліся два тыдні таму ад геадэзістаў, якія бралі пробы грунту. Пазней іх звесткі пацвердзілі іншыя крыніцы. Каб не дапусціць будоўлі, сабралі ўжо 400 подпісаў.

ФОТА: «Радыё Свабода»

9-павярхоўку з 120 кватэрамі ўзвядуць на пляцоўцы шырынёй менш за 100 метраў паміж домам на вуліцы Каштанавай, 24-А і школьным стадыёнам.

Жыхары навакольных дамоў абураныя, што «будоўля будзе весціся над галовамі школьнікаў». Расліны, высаджаныя імі 20 гадоў таму, знішчаць. Самі ж яны апынуцца ў «бетонным мяшку». Школа і дзіцячыя сады будуць загружаныя яшчэ больш, праезды заблакуе транспарт. Жыхары мяркуюць: улада спрабуе вырашыць жыллёвыя праблемы, зніжаючы якасць пражывання і шкодзячы навакольнаму асяроддзю.

ФОТА: «Радыё Свабода»

Як пратэстуюць у Магілёве супраць ушчыльнення

У лютым 2019 года жыхары спальнага раёна «30 гадоў Перамогі» выступілі супраць будаўніцтва на школьным стадыёне шматпавярховіка. Гарвыканкам «з улікам думкі большасці насельніцтва» адклікаў праект, і «цяпер разглядаецца пытанне пра мадэрнізацыю стадыёна».

У 2019 годзе, нягледзячы на пратэст жыхароў, пачалі ўзводзіць васьміпавярховік з чатырма пад'ездамі на праспекце Міра побач з ракой. Гэта цэнтр горада і мяжа ахоўнай гістарычнай часткі. Грамадскі пратэст не паўплываў на гарвыканкам. Дом будуе прыватная арганізацыя.

ФОТА: «Радыё Свабода»

У мікрараёне «Спадарожнік» жыхары пратэстуюць супраць узвядзення трох шматпавярховых дамоў замест запланаванай школы. У адзінай мясцовай школе, разлічанай на 1020 месцаў, вучыцца 2400 дзяцей. Улады абяцаюць адмовіцца ад аднаго дома і пабудаваць дзіцячы сад.

У 2019 годзе пачалі ўшчыльняць жылы масіў на вуліцы 1-ай Паўднёвай. На дзіцячай пляцоўцы каля дома 16 узводзяць шматкватэрны дом. Жыхары сабралі 150 подпісаў супраць будоўлі. Пісьмова звярталіся ў гарвыканкам, але дарэмна.

ФОТА: «Радыё Свабода»

У 2018 годзе жыхары некалькіх дамоў па праспекце Дзімітрава не дазволілі ўшчыльніць пляцоўку крамай «Санта-Брэмар». Сабралі больш за 200 подпісаў. Праект адклікалі, а краму пабудавалі ў іншым мікрараёне.

ФОТА: «Радыё Свабода»