У Санкт-Пецярбургу прайшла акцыя салідарнасці з масквічамі
- 3.08.2019, 20:29
- 11,262
Блізу дзесяці чалавек затрыманыя.
У Санкт-Пецярбургу больш за дзве тысячы чалавек сабраліся на ўзгодненую акцыю «Піцер за Маскву», арганізаваную для выражэння салідарнасці з маскоўскімі апазіцыянерамі, паведамляе «Радио Свобода». На акцыі былі затрыманыя блізу дзесяці ўдзельнікаў.
На сцэне з прамовамі выступілі арганізатары мітынгу каардынатар руху «Прыгожы Пецярбург» Красімір Вранскі і кандыдат у муніцыпальныя дэпутаты Павел Чупрун. Выступалі і дэпутаты заканадаўчага сходу Пецярбурга Максім Рэзнік і Барыс Вішнеўскі, а таксама кандыдатка ў губернатары горада Надзея Ціханава.
Акцыя салідарнасці з маскоўскімі актывістамі праходзіць у той дзень, калі ў сталіцы, а 14 гадзіне, пачалася масавая разгрупаваная акцыя за сумленныя і свабодныя выбары і за допуск незалежных кандыдатаў да выбараў у Масгардуму. У Маскве да вечара суботы затрыманыя амаль сямсот чалавек. Спецаперацыя паліцыі і Расгвардыі супраць мірных дэманстрантаў працягваецца ў раёне Арбата.