Авакаў: Такіх, як Цемах, у нас будзе яшчэ досыць
21- 7.09.2019, 21:06
- 20,052
Кіраўнік МУС Украіны пракаментаваў выдачу баевіка «ДНР» Расеі.
Сведка ў справе аб катастрофе рэйса МН17 Уладзімір Цемах, якога адправілі ў Расею ў парадку абмену, з'яўляўся «маўклівым доказам», яго выдача была правільнай пастановай. Такое меркаванне ў інтэрв'ю LB.ua выказаў міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў.
«Хто такі для нас Цемах? Аферыст з бунтуючых стэпаў, удзельнік злачынства. Гэта доказ, але маўклівы. Пытанне ў тым, што маўклівы доказ сядзіць тут, а нашы людзі сядзяць там. Такіх, як Цемах, у нас будзе дастаткова яшчэ. Доказаў дастаткова. Гэта не просты крок, а правільны», - заявіў Авакаў.
Абмен, які адбыўся сёння, ён лічыць «гіганцкай перамогай» Украіны.
7 верасня паміж Украінай і РФ адбыўся абмен зняволенымі асобамі ў фармаце «35 на 35». Сярод украінцаў, якія вярнуліся дадому, палітвязні Алег Сянцоў, Аляксандр Кольчанка, Уладзімір Балух, Раман Сушчанка, Мікалай Карпюк, Станіслаў Кліх, Павел Грыб, Яўген Паноў, Артур Паноў, Эдэм Бекіраў, Аляксей Сізановіч, а таксама захопленыя Расеяй ля Керчанскай пратокі 24 маракі.
«Украинская правда» апублікавала спіс людзей, якія ў рамках абмену паляцелі ў Маскву. Сярод іх ёсць Цемах.
У расследавальнай групе Bellingcat сцвярджалі, што Цемах з'яўляўся відавочцам падзей, звязаных з катастрофай малайзійскага Boeing: меўшы асабістае дачыненне да запуску ракеты, ён, імаверна, хаваў зенітна-ракетны комплекс «Бук», з якога быў збіты MH17, і меў зносіны з сябрамі яго экіпажа.
3 верасня спікерка JIT Брэхта ван дэ Масдэйк паведаміла, што пракуроры, якія расследуюць катастрофу рэйса MH17, хочуць дапытаць Цемаха, таму нідэрландскі бок палічыў за лепшае б, каб ён знаходзіўся ва Украіне і быў «даступным для следства».
40 дэпутатаў Еўрапарламента звярнуліся да прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з просьбай не аддаваць Цемаха Расеі.
5 верасня апеляцыйны суд Кіева вызваліў Цемаха пад асабістае абавязанне.