Таццяна Севярынец: Мы заслужылі незалежнасць нашай вялікай гісторыяй
5- 13.01.2020, 19:42
- 32,082
У Віцебску ўдзельнікаў акцыі ў абарону незалежнасці Беларусі будуць судзіць цэлы тыдзень.
Акцыя ў абарону незалежнасці Беларусі прайшла ў Віцебску 29 снежні мінулага года, нагадвае «Радыё Рацыя» кіраўнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец:
- Краіна пад пагрозай знікнення, і мы наважылі ў Віцебску выйсці і стаць на галоўнай плошчы горада з заклікам да незалежнасці. Аб'явіць, што мы - за гэтую незалежнасць. Мы заслужылі яе нашай шматпакутнай гісторыяй, і я не разумею, як можа быць інакш!
Каля 15-ці жыхароў Віцебска выйшлі на плошчу Перамогі, склаўшы з літар на папяровых лістах слова «незалежнасць». Таксама людзі трымалі бел-чырвона-белыя сцягі і некалькі плакатаў. З паўгадзіны яны прастаялі на плошчы «пад прыцэлам» міліцэйскіх відэааператараў у цывільным.

Цяпер міліцыя высвятляе асобы ўдзельнікаў, і адным з першых атрымаў позву ў суд мясцовы актывіст Уладзімір Кійко:
- Пазванілі з невядомага нумара, як высветлілася, гэта быў маёр Зуеў. Ён спытаў, ці быў я на акцыі 29 снежня. Я сказаў, што так, быў. Ён паведаміў, што супраць мяне распачалі адміністрацыйную справу, і паведаміў таксама, што будзе выклікаць усіх тых людзей, якія былі на акцыі.
Справы супраць удзельнікаў акцыі паводле артыкуле 23.34 КоАП пачаў аддзел міліцыі Чыгуначнага раёна, і ў судзе гэтага ж раёна пройдуць працэсы над тымі, хто выступіў за незалежнасць Беларусі.

Першыя суды прызначаныя ўжо на 15 студзеня вядома таксама аб працэсах 16, 17 і 21 студзеня. Паколькі ў акцыі бралі ўдзел не толькі вядомыя актывісты, але і простыя жыхары Віцебска, праваабаронцы імкнуцца звязацца з кожным, каб падтрымаць у судзе.
Некаторыя з удзельнікаў віцебскай акцыі ўжо былі аштрафаваныя за падобныя мерапрыемствы ў Менску. Напрыклад, Таццяне Севярынец і Алене Янушкоўскай 9 студзеня прысудзілі адразу па два штрафы, і кожная актывістка павінна выплаціць па 1620 рублёў.